Будаўнікі, якія не трымаліся пажарнай бяспекі, заплацяць штраф

З пачатку 2010 года на тэрыторыі Ляхавіччыны адбылося 8 пажараў (у 2,5 раза больш, чым за такі ж перыяд летась), у агні загінулі 2 чалавекі. Тэндэнцыя трывожная і характэрная не толькі для нашага раёна, але і для вобласці, краіны. Асноўнымі прычынамі такой сітуацыі сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры ўладкаванні і эксплуатацыі печаў і электраправодкі. Таму менавіта на гэтыя аспекты звяртаюць асаблівую ўвагу супрацоўнікі РАНС падчас рэйдаў па праверцы жылых дамоў, на сельскіх сходах, што праводзяцца сумесна з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і сельвыканкамамі. Для кантролю за сітуацыяй і аказання дапамогі ў раён прыбылі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення МНС.

Адзін з жыхароў вёскі Падлессе, зрабіўшы рамонт у сваім доме і адрамантаваўшы у тым ліку печ, чамусьці дымаход вывеў толькі на гарышча, а не на дах дома.

За першы тыдзень лютага праведзена 10 сельскіх сходаў, 25 гутарак па правілах пажарнай бяспекі ў працоўных калектывах і навучальных установах з прэзентацыяй аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
За гэты час праверана больш за 300 дамоў, чые гаспадары маюць рэпутацыю ненадзейных. І колькасць выяўленых парушэнняў не суцяшае. Засцерагальнікі-“жучкі” саматужнай вы-творчасці, цвікі, адвёрткі і нават паяльнікі ў электралічыльніках, няспраўныя печы са шчылінамі, зламанымі дзверцамі і без прытопачных лістоў, смецце і непатрэбныя рэчы каля самых дымаходаў на гарышчы, дзе, па правілах пажарнай бяспекі, наогул нічога не павінна захоўвацца, – далёка не поўны пералік патэнцыяльных прычын для ўзгаранняў. А, напрыклад, адзін з жыхароў вёскі Падлессе, зрабіўшы рамонт у сваім доме і адрамантаваўшы у тым ліку печ, чамусьці дымаход вывеў толькі на гарышча, а не на дах дома. Дым, што выходзіў з-пад шчылін даху, і прыцягнуў увагу супрацоўнікаў РАНС. Такое выкарыстанне печкі абышлося гаспадару ў немалую суму штрафу. Хаця магло б завяршыцца куды больш сумна – пажарам.
Да заканчэння ацяпляльнага сезона яшчэ доўга. Шаноўныя землякі, не парушайце правілы пажарнай бяспекі ў сваіх дамах, а каб засцерагчы сябе і сваю маёмасць ад пажараў, набывайце і ўстанаўлівайце пажарныя апавяшчальнікі.
Барыс АМЯЛЬЯНЕЦ, інспектар РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *