Цёпла ў хаце маёй і ад печкі…

Сёлетняя восень – падарунак прыроды літаральна ва ўсіх сэнсах. Цёплыя дзянькі – для работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці магчымасць усё вырашчанае ўбраць, захаваць ці рэалізаваць; дзякуючы плюсавой тэмпературы паветра, зберагаюцца і энергарэсурсы. І ўсё ж ніхто зіму не адмяняў, яна абавязкова прыйдзе і, калі верыць сіноптыкам, абяцае быць марознай.

Таму мець у запасе паліва – неабходнасць нумар адзін. Хоць і ў гэтым плане ляхавічанам асаблівых турбот няма: сваё торфапрадпрыемства, трэба паклапаціцца толькі пра дастаўку брыкетаў. Наконт іх дэфіцыту сёння размовы няма. ТБЗ “Ляхавіцкі” працуе ў сваім звычайным рэжыме, выконваецца дакладна адладжаны графік рэалізацыі прадукцыі. У дастатку сыравіны. Сёлета, пачынаючы з мая і па верасень, прадпрыемства паспяхова займалася здабычай торфу. План выкананы на 102,4 працэнта, нарыхтавана сыравіны на 61,7 працэнта больш, як летась.

— Адрэгуляваны ўсе працэсы, задзейнічана тэхніка, вялікая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі вытворчасці, прымяняюцца новыя тэхналогіі, якія дазваляюць трымаць на ўзроўні сабекошт прадукцыі і падтрымліваць яе канкурэнтаздольнасць на рынку, – так ахарактарызаваў сённяшнюю работу ТБЗ “Ляхавіцкі”намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны. Ён таксама зазначыў: – Сёлета прадпрыемства працуе паспяхова, без экстрэмальных сітуацый – роўна, надзейна, вынікова. Дырэктар ТБЗ “Ляхавіцкі” Васілій Іваноў трымае ўсё пад кантролем, паспяхова наладжвае супрацоўніцтва як з замежнымі партнёрамі, так і з мясцовымі спажыўцамі.

Прагнозныя паказчыкі па вытворчасці брыкетаў за 9 месяцаў выкананы на 100,2 працэнта (рост у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склаў 9 працэнтаў). Выпуск таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах узрос на 75 працэнтаў.

Тое, што прадукцыя ТБЗ “Ляхавіцкі” карыстаецца попытам у замежных спажыўцоў, гаворыць, у тым ліку,  пра яе якасць. Завадчане лічаць дасягненне добрых якасных параметраў  адным з асноўных паказчыкаў вытворчасці. І сёлета з задавальненнем купляюць ляхавіцкі  торфабрыкет Швецыя, Літва, Польшча. Адгрузкі на экспарт ідуць згодна дамоўленасцяў. Аднак, на першым плане – забеспячэнне палівам спажыўцоў сваёй краіны.

А сярод іх 13 райпалівазбытаў Брэстчыны, 8 – Магілёўскай вобласці, 3 – Гомельскай, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Беларуская чыгунка, жыллёва-камунальныя гаспадаркі Ляхавіччыны, Піншчыны, Століншчыны, Лунінеччыны, Ганцаўшчыны і іншыя. Як заўсёды, іменна кастрычнік-лістапад – час пік, калі найбольш закупляюць паліва мясцовыя спажыўцы. Толькі ў кастрычніку план пастаўкі торфабрыкету прадпрыемства выканала на 126 працэнтаў, з пачатку года – на 112.

Як расказаў намеснік дырэктара ТБЗ “Ляхавіцкі” Уладзімір Гунько, прадпрыемства нарошчвае тэмпы вытворчасці і адначасова працуе над пытаннямі эканоміі энергарэсурсаў. З чатырох заводскіх катлоў тры пераведзены на мясцовыя віды паліва. Адзін газавы – у запасе, на выпадак тэрміновага рамонту, каб не спыняць працэс вытворчасці. Што такое эканоміць, тут ведае кожны работнік, таму не ўбачыш на заводзе без патрэбы запаленых лямпачак, пад строгім кантролем расход гаруча-змазачных матэрыялаў.

Відавочны эфект і ад укаранення ў вытворчасць новых машын і механізмаў. Напрыклад, дзякуючы ўстаноўцы новай лініі адгрузкі брыкету, зменшылася доля ручной працы, зведзены да мінімуму чэргі аўтатранспарту.

Каб зімаваць у цяпле, застаецца толькі праявіць гаспадарскія якасці, знайсці сродкі і назапасіць паліва – торфабрыкет вытворчасці ТБЗ “Ляхавіцкі” з высокай цеплааддачай і па прымальным кошце.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *