Пажар у тэорыі з практычным ухілам

Канстанцін Шаршуновіч дзякуе выратавальнікам за якасную зладжаную працу.

Гукі сірэн машын хуткай дапамогі і пажарнай службы, што прыбываюць на месца здарэння, мноства людзей, якія бездакорна, не губляючы ні мінуты, выконваюць свае службовыя абавязкі, атмасфера павышанай сур’ёзнасці і адказнасці – на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» на мінулым тыдні прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні.

Па тактычнай задумцы вучэнняў  25 жніўня  тэхналагічны працэс вытворчасці на прадпрыемстве парушыла надзвычайная сітуацыя: у будынку вытворчага цэха адбыўся выбух пылапаветранай сумесі. Пажар разрастаўся, ахопліваў агнём гаручыя паверхні і тэхналагічныя ўстаноўкі. Навісла пагроза абрушвання будаўнічых канструкцый цэха ў выніку ўдарнай хвалі і высокай тэмпературы ўнутры будынка. Кантраляваць узгаранне стала немагчыма…
Служба «101» на паведамленне пра пажар адрэагавала неадкладна.  Хутка экстранныя службы прыбылі на месца: стварылі аператыўны штаб, баявыя ўчасткі па пошуках пацярпелых, тушэнні пажару і ахове суседняй шохі і тэхнікі. Задача нумар адзін – захаваць жыццё работнікаў, выратаваць кожнага, хто мог застацца ў цэху, максімальна хутка ліквідаваць пажар.
Такая сітуацыя патрабуе аператыўнасці, зладжанай працы, што гарантуюць веды, адпрацаванасць дзеянняў у такіх НС   у звычайных  умовах.
Ляхавіцкі льнозавод размяс-ціўся на плошчы 14 гектараў. Тут працуюць каля  200 чалавек, а вытворчыя пляцоўкі ў большасці сваёй утрымліваюць хутказгаральныя матэрыялы. Пытанні  забеспячэння пажарнай     бяспекі на такім вялікім, стратэгічна важным у эканамічным плане аб’екце – надзвычай актуальныя.
У выратавальных мерапрыемствах прынялі ўдзел пад-раздзяленні Ляхавіцкага РАНС і Баранавіцкага ГРАНС, добраахвотная пажарная дружына льнозавода, санітарная дружына па аказанні першай медыцынскай дапамогі, аварыйная брыгада РЭС, брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, аператыўная група РАУС.
Умоўны пажар  ліквідаваны, работнікі – выратаваны і перададзены ў рукі медыкаў. Выратавальныя службы спрацавалі прафесійна і зладжана. Падрыхтаванасць кожнага чалавека да такіх сітуацый, веданне, як і што прадпрымаць у экстранным выпадку, пацвярджае, што комплексныя вучэнні неабходнае і важнае мерапрыемства, здольнае  прадухіліць патэнцыяльную трагедыю.
Адна з галоўных частак вучэнняў – аналіз дзеянняў кожнага работніка, падраздзяленняў   і службаў узаемадзеяння. Важна зразумець, дзе былі дапушчаны памылкі, як іх выправіць, на што звярнуць увагу. Бо ў такой справе нават нязначных парушэнняў быць не павінна.
– Ад таго, наколькі дакладна, зладжана будуць працаваць і ўзаемадзейнічаць службы раёна, залежыць не толькі выратаванне матэрыяльных каштоўнасцей, але і чалавечае жыццё. Тактыка-спецыяльныя вучэнні дазваляюць адпрацаваць алгарытм дзеянняў пры пажарах, што вельмі дапаможа ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, – расказвае начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шаршуновіч.
У гэты ж дзень Канстанцін Яўгеньевіч сустрэўся з працоўным калектывам ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Галоўнай тэмай размовы стала пажарная бяспека ў лічбах і фактах: закранулі  статыстыку, прааналізавалі асноўныя прычыны ўзнікнення пажараў, яшчэ раз нагадалі пра эфектыўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Дарэчы, менавіта гэтыя карысныя рэчы сталі прызамі для пераможцаў латарэі. А валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа ўручылі кожнаму ўдзельніку сустрэчы памятку па правілах бяспечных паводзін.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара і з архіва РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *