Балота – месца іх работы. ААТ «ТБЗ» Ляхавіцкі». Мясцовыя віды паліва /фота/

Дырэктар ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько і начальнік брыкетнага цэха Васілій Іваноў.

Трымаючы ў руках брусок тарфянога паліўнага брыкета, нямногія з нас задаюцца пытаннем, што за гэтым стаіць. Нас цікавяць спажывецкія характарыстыкі прадукта, а адкуль, як і якім чынам ён набывае свой канчатковы «вобраз» – справа трэцяя. Між тым, вельмі няпростая, многаэтапная, расцягнутая па часе і, як і ў выпадку з сельскай гаспадаркай, знаходзіцца ў вядомай залежнасці з умовамі надвор’я.

Сыравінай для вытворчасці брыкетаў служыць фрэзерны торф, даведзены да вызначанага паказчыка вільготнасці. Калі сонца і лета, як лета, – дабіцца апошняга не з’яўляецца для тарфянікаў складанай задачай.
– У выпадку ж позняй вясны, зменліва-слязлівага, як сёлета, лета даводзіцца ўключаць рэзервы, – раскрывае «палявую карту» дырэктар ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько. Дапоўнім ад сябе: і чалавечыя, і арганізацыйныя, і тэхніка-тэхналагічныя. Дадаткова матываваць людзей? Такой неабходнасці няма –  разумеюць і гатовы. «Падняцца» ў плане арганізацыі? Ведаюць як і ёсць каму. Тэхніка-тэхналагічныя магчымасці выкарыстоўваліся сёлета па поўнай. Выкліканы частымі і
нярэдка густымі дажджамі высокі ўзровень вады ў палях здабычы прымусіў помпавае абсталяванне працаваць ці не ў ліміце магчымасцяў. Тры станцыі адпампоўвання вады працавалі ўсё лета. І практычна бесперапынна. Падобную сітуацыю тут характарызуюць як рэдкасць. Ну адна, ну дзве і то з перыядычнымі паўзамі ў рабоце. А тут адразу ўсе і на працягу фактычна ўсяго «жніўнага» перыяду.
Так, свайго роду жніво ёсць і ў тарфянікаў. Стандартна гэта перыяд  з мая па жнівень уключна. Называецца палявым сезонам ці, калі прафесійнай мовай, сезонам здабычы фрэзторфу. Сыравіна, назапашаная за 4 месяцы, будзе карміць брыкетны цэх увесь астатні час года.
Для «Ляхавіцкага» палявы сезон практычна завяршыўся. Нягледзячы на перыпетыі лета, здабытчыкі заштабелявалі больш за 200 тысяч тон цеплаёмістай крошкі. Гэта адчувальна больш запланаваных аб’ёмаў, але тысяч на 5 нацэлены разжыцца яшчэ – пра запас.
Тут свая чыгунка, каляёй у 750 міліметраў. «Завостраныя» пад яе лакаматывы ў колькасці 8 адзінак, 2 пасажырскія і 120 грузавых вагонаў. Іменна па чыгунцы здабытчыкі торфу ездзяць на работу – з работы. Па ёй жа ажыццяўляецца дастаўка фрэзторфу з поля ў цэх брыкетавання. У апошнім многа незвычайнага, арыгінальнага, чаго не сустрэнеш нідзе больш, акрамя як на роднасных прадпрыемствах. Напрыклад, работа вагонаперакульніка. Памешчаны ў вялікую складанатэхнічную «трубу» вагон, нібы цацачны, куляецца вакол сваёй восі. Торф трапляе ў спецыяльны бункер, вагон займае сваё першачарговае становішча – на колах.
Чым складаней сістэма, тым большай увагі патрабуе яна да сябе. Цэх па вырабе тарфяных паліўных брыкетаў, несумненна, з ліку такіх. Сетка канвеераў, група сушыльнага абсталявання, сістэмы ачысткі, прэсавае абсталяванне, электрыка і электроніка – далёка не поўны пералік таго, што вы ўбачыце пад і над дахам брыкетнага цэха. Патрэбны моцныя і адначасова далікатныя рукі, разумная галава, каб трымаць усё гэта ў спраўнасці на працягу дзясяткаў гадоў. У выпадку з ТБЗ «Ляхавіцкі» размова ідзе аб амаль чатырох з паловай – столькі часу мінула з моманту выпуску першага тухавіцкага брыкета.
– Без абнаўлення нельга. Гэта пастаянны працэс і бесперапынны клопат. Кожны год хоць у нечым, ды мадэрнізуемся, – гаворыць дырэктар. З ліку апошняга – устаноўка новай сучаснай еўрапейскай сістэмы абяспылвання прэсаў. Эфект адчулі і ўбачылі адразу ж. Адчулі фінансава, паколькі новаўвядзенне зэканоміла тысячы кубічных метраў вады, тоны сушонкі ўжо не спускаюцца ў сажалкі-адстойнікі – вяртаюцца ў вытворчасць. Больш спрыяльнымі з пункту гледжання санітарыі і здароўя сталі ўмовы працы работнікаў прэсавага аддзялення. Літаральна пару месяцаў назад завяршылі яшчэ адну перабудову. Стары комплекс абяспылвання адной з сушылак сёння ззяе свежым металічным бляскам. Дастаткова падняць вочы на патрэбную адзнаку – на дах цэха. У планах – замена аднаго з катлоў кацельні. Спецыялізаваны для работы на прыродным газе, гэты генератар цяпла апошнія 3 гады стаяў без ужытку – экспартны цеплапрадукт не выкарыстоўвалі. Зусім лагічна, хоць і не танна, што месца газавага катла ў перспектыве зойме цвёрдапаліўны, паказчык цеплааддачы якога ад сваіх папярэднікаў выгадна адрозніваецца.
Тухавіцкімі брыкетамі грэюцца як Брэсцкая, так і Магілёўская, Гомельская вобласці. Сярод спажыўцоў прадукцыі – структуры ў складзе Міністэрстваў абароны і па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Беларуская чыгунка, гіганты цэментнай вытворчасці краіны – ААТ «Крычаўцэментнашыфер» і «Беларускі цэментны завод» у Касцюковічах. А ў Ваўкавыскі раён на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» з Тухавіч паступае сушонка –  фрэзторф, які прайшоў усе стадыі падрыхтоўкі, акрамя брыкетавання.
– Мы тут больш пра тэхніку, але галоўнае – людзі. Назаву некаторых, хоць спіс мог бы быць куды больш доўгім. У кожнага з іх розныя абавязкі, але аднолькава высокая якасць работы: Генадзій Гутырчык, Валерый Цырулік, Мікалай Ламанос, Міхаіл Палуян, Андрэй Кот, Валянцін Малевіч, Леанід Грыцкевіч, Аляксандр Гаўрыльчык, Іван Рабцэвіч, Аляксандр Алексіч, Генадзій Бабарэка, Уладзімір Комса, Канстанцін Невяроўскі, Аляксандр Вдоўкін, Віктар Суржыцкі, Сяргей Ігнатовіч, Вадзім Русакевіч, – завяршае святочны пералік і разам з тым нашу гутарку Уладзімір Гунько.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцель аўтамабіля Сяргей Ігнатовіч і машыніст цеплавоза Іван Рабцэвіч.

Граматай дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз» адзначана сёлета работа токара-віртуоза рамонтна-механічнага ўчастка Аляксандра Вдоўкіна.

Аператар па сушцы торфу Генадзій Бабарэка.

Прасаўшчыкі Канстанцін Невяроўскі і Валерый Кісель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *