Вераснёўскі гараскоп

Вось і восень прыйшла, лета як не бывала…
Прэлюдыя  “вачэй зачаравання” гучала яшчэ ў жніўні празрыстай ноткай ранішняй расы, што гойдалася ў нечаканай павуцінцы на хлебнай ніве сонечнага колеру, дзе сваволіў гарачы вецер. Прэлюдыя восені шапацела парашуцікамі першых лісткоў, што пачалі прызямляцца з дрэў пад ногі. Успыхнулі  аксаміткамі клумбы, зоркі агародчыкаў – астры – фантастычна расквецілі пейзаж, і вяргіні, і флёксы, і гладыёлусы… Каляндар засведчыў восень і паабяцаў шмат прыемных, знакавых дат і падзей. Вераснёўскі гараскоп гэта дакладна  пацвердзіў. Дык што мы маем?  Учора школьны званок афіцыйна задакументаваў пачатак новага навучальнага года. Святочная падзея? Безумоўна! У Дзень ведаў, першы ў першай чвэрці дзень, шчырая размова пра дарагое сэрцу, назаўсёды сваё – пра Беларусь, пра нашу Радзіму, пра яе гісторыю і сучаснасць.
Школьны званок паклікаў і ў падарожжа па часе – за паўтысячагоддзе да нашых дзён. Канешне, гаварылі пра вялікага Францыска Скарыну. Юбілейная дата – 500 гадоў беларускага кнігадрукавання – гэта не толькі нагода даведацца хто ж ён такі – чалавек, які паўплываў на сваіх суайчыннікаў настолькі  моцна, душэўна-адухоўлена, па-асветніцку важка, але і нагода супаставіць нас сённяшніх з тымі, якімі маглі б быць (дзякаваць Богу, не сталі), калі б не скарынінскі фаліянт выдання 1517 года і не ўсе наступныя кнігі на старабеларускай мове.  Вы бачылі фільм з Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі “Я, Францыск Скарына…”? Гэта сапраўднае кіно, гэта вялікае кіно пра вялікага земляка з рэдкім сёння імем Францыск. Затое як часта паўтараецца яно на працягу апошняга года – знакава юбілейнага.  Полацк сёння – сталіца Дня беларускага пісьменства. Такая зайздросная геаграфія. Слаўны горад са слаўнай гісторыяй у цэнтры гістарычнай падзеі. Яна, гэта падзея, мае дачыненне да кожнага з нас, ці, магчыма, дакладней сказаць інакш: кожны з нас мае дачыненне да гэтай падзеі.  Калі б сабраць па экзэмпляры кніг, што выдадзены за паўтысячагоддзя на беларускай тэрыторыі, мусіць, не знайшлося б будынка, які б умясціў усю гэтую імправізаваную бібліятэку. Мудрасць вякоў, занатаваная гісторыя, мастацкая літаратура і навуковыя опусы, падручнікі і часопісы, дзіцячыя выданні… Нават уявіць немагчыма, як было б без усяго гэтага і якія былі б мы, сённяшнія, калі б аднойчы не з’явіўся на свет Францыск Скарына. Мне здаецца, што ён любаваўся валошкамі і незабудкамі, першымі коцікамі вярбы і квеценню дзічак, што  ён разумеў мову нябесных зорак і гарэзы-ветрыка… Ён,  Францыск Скарына, – гістарычная асоба і такі блізкі чалавек. Па вераснёўскім гараскопе ў сезон спелых яблыкаў, убранага хлеба, школьнага аднаўлення пасля канікулаў наканавана нам прайсціся па скарынінскіх біяграфічных вехах, усвядоміць-пераасэнсаваць ягонае адкрыццё і, як мінімум, адчуць гонар за наша сваё. І захацець прымножыць яго асабістым дачыненнем і саўдзелам. Такія вось пачуцці і рэаліі. А яшчэ гараскоп пачатку восені вызначыў канцэнтрацыю самых высокіх станоўчых эмоцый у палескім мястэчку на Століншчыне – у Давыд-Гарадку. Там заўтра  хлебаробская эліта Брэстчыны, у тым ліку і дэлегацыя з нашага раёна, прымае ўдзел у абласных “Дажынках”. Ганарымся!
…Толькі-толькі заверасніла. Як жа ўзрушана, як эмацыянальна афарбавана развітанне з летам. Чырванеюць рабіны, буслам хутка ў далёкую дарогу і яшчэ няблізка да сапраўднага лістапада. Усё ідзе сваёй чаргой. Жыццё працягваецца.
А гараскопы ствараюць людзі. З падказкі зорак…
Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Вераснёўскі гараскоп

  • 03/09/2017 в 21:01
    Permalink

    Прыгожа и натхняльна. Так, верасень не толькі шчодры на падзеі і сустрэчы, але і і з густам размаляваны-упрыгожаны.Выклікае мноста прыемных эмоцый. Адна з іх датычыла навіны пра тое, што ў наступным годзе менаввіта горад Брэсцкай вобласці стане чарговай сталіцай Дня пісьменства. Канешне, вельмі адказная місія, але і ганаровая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *