У Ляхавічах адбыўся семінар па пытаннях арганізацыі аховы працы

На гэты раз у галоўнай зале ГДК былі толькі “свае”. Дырэктары дамоў культуры, народнай творчасці, рамёстваў, а таксама Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў і загадчыкі сельскіх клубаў раёна сабраліся на семінар па пытаннях арганізацыі аховы працы і выканання заканадаўства аб пажарнай бяспецы ва ўстановах культуры.

У падобным складзе мерапрыемства адбылося ўпершыню за апошнія чатыры гады, атрымалася інфармацыйна насычаным, а актыўнасць удзельнікаў мерапрыемства сведчыць, безумоўна, аб яго актуальнасці.

Аб стане аховы працы за 2011 год у падраздзяленнях аддзела культуры райвыканкама справаздачу трымаў інжынер па АП Аляксандр Шпак. Па яго словах, усе па сутнасці тэмы нарматыўна-заканадаўчыя патрабаванні выконваюцца. І ўсё ж 2 прадпісанні і ўказанне кантралюючых органаў аддзелам культуры сёлета былі атрыманы. Пры-слухаліся: пытанняў, якія меліся ў інспекцый дзяржпаж- і энерганагляду на сёння ўжо не існуе.

У аддзеле культуры распрацаваны і дзейнічаюць перспектыўныя і аператыўныя планы, у калектыўным дагаворы “прапісаны” і поўнасцю выконваюцца 16 мерапрыемстваў, што тычацца пытанняў аховы працы. У прыватнасці, абноўлены ўсе інструкцыі, сістэма кіравання АП заснавана на выкананні патрабаванняў апошніх стандартаў. Акрамя адміністрацыйнага, ажыццяўляецца і грамадскі кантроль за выкананнем патрабаванняў правілаў тэхнікі бяспекі і іншае.

Састарэлае тэхналагічнае абсталяванне нярэдка з’яўляецца патэнцыяльна небяспечным, уяўляе рэальную пагрозу здароўю людзей. Недапушчэнне апошняга – і ёсць першая мэта любога дзеяння і ўсяго комплексу мерапрыемстваў па выкананні патрабаванняў тэхнікі бяспекі пры вядзенні працоўнай дзейнасці. У сувязі з гэтым             варта прыгадаць, што сёлета праведзены  прафілактычныя рамонты будынкаў і памяшканняў  Крывошынскага і Ураджайнінскага СДК і іншае, у структурах аддзела культуры райвы- канкама заменена старое кацельнае і пячное абсталяван- не.

У адпаведнасці з нарматыўнымі тэрмінамі праводзіцца      атэстацыя працоўных месцаў. Так, па выніках адной з іх былі вызначаны 2 працоўныя месцы са шкоднымі ўмовамі працы: кацельня Зубелевіцкага СДК, дзе было зафіксавана перавышэнне дапушчальнага ўзроўню пылу і газаў, а стары аўтобус ПАЗ – з перавышэннем дапушчальных паказчыкаў шуму і вібрацыі.   Пытанні вырашаны: у першым выпадку шляхам замены ацяпляльнага катла, у другім – на змену ПАЗу прыйшла “Газель”.

Ну і самае галоўнае, тое, за што “змагаліся”. “Няшчасных выпадкаў на вытворчасці за справаздачны перыяд няма”, – адзначыў інжынер па АП аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Шпак.

Чаго, на вялікі жаль, нельга сказаць пра Ляхавіччыну ў цэлым. Як паведаміў загадчык сектара аховы працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, за 10 месяцаў года ў арганізацыях раёна зарэгістравана 9 няшчасных выпадкаў. 3 з іх мелі цяжкія наступствы, адзін завяршыўся смерцю. Сумную статыстыку дапоўніў лістапад: няшчасны выпадак адбыўся на адным з прадпрыемстваў.

Мікалай Бурбуць таксама азнаёміў удзельнікаў семінара са зменамі ў заканадаўстве аб ахове працы.

Аб забеспячэнні пажарнай бяспекі ва ўстановах культуры раёна расказвала інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна. Выступленнем і традыцыйнай дэманстрацыяй відэа справа не абмежавалася: усе да аднаго ўдзельнікі мерапрыемства прайшлі так званы інструктаж у форме тэсціравання. Спадабалася: даволі цікава і эфектыўна з пункту гледжання замацавання ведаў па правілах пажарнай бяспекі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *