Слова пра слова. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Імя беларускага першадрукара ведаюць і дарослыя, і дзеці. Хто ён – Францыск Скарына, зноў разважалі нашы землякі

Людміла Сахон, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Востраўскай СШ:
– Францыск Скарына – гонар нацыі, голас эпохі Адраджэння. Сваёй асветніцкай дзейнасцю паказаў, як многа можа зрабіць для роднай зямлі патрыёт. З вучнямі мы ўспаміналі гэта слаўнае імя на першым уроку ў Дзень ведаў.
Сямён Кулагін, студэнт гістарычнага факультэта БДУ:
– Кожная эпоха запальвае свае зоркі, нараджае сваіх геніяў. Але, мне здаецца, што нават гэтыя характарыстыкі не ў поўнай меры могуць расказаць пра такую неверагодна таленавітую асобу як Францыск Скарына. Тытан Рэнесансу зрабіў для ўсходнеславянскіх зямель бясцэннае: наблізіў кнігу да кожнага. Лічу, што гэты чалавек цвёрда ведаў, чаго ён хацеў, і цвёрда ішоў да сваёй мэты. Дарэчы, вынікова.
Міхаіл Лучыц, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі:
– Сёння ўявіць жыццё без друкаваных выданняў немагчыма. З маленства мы пазнаём свет праз казкі. Напэўна, кожны памятае сваю першую кнігу. Пасля праз падручнікі спасцігаем навуку, а маляўнічыя сюжэты літаратурных твораў вучаць нас жыццю. Дзякуй за такі падарунак, Францыск Скарына!
Ганна Сокал, студэнтка факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя М. Танка:
– Гэты чалавек, без перабольшвання, змяніў ход гісторыі і ўвайшоў у яе як наш першадрукар. А яго думкі пра тое, як важна кожнаму памятаць свае карані, пра неабходнасць адукацыі і каштоўнасць кніг, сёння сталі вядомымі выразамі, ператварыліся ў афарызмы і не страцілі актуальнасці.
Гутарыла Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *