Пра мары, кар’еру і самастойнасць

Рэдакцыйнае заданне прывяло мяне на жніўныя палеткі – так пачалася мая «дарослая» журналісцкая біяграфія

Здаецца, зусім нядаўна мы рыхтаваліся да семінараў, хадзілі на лекцыі, абмяркоўвалі вынікі вытворчай практыкі, адзначалі медыум, ладзілі студэнцкія вечарыны (асабліва запомніліся цёплыя сустрэчы з выдатнымі беларускімі рэжысёрамі, акцёрамі, сцэнарыстамі ў кінаклубе «Фруза» ў мультымедыйнай бібліятэцы БДУ), хваляваліся падчас сесій… І вось дзяржаўныя экзамены, абарона дыпломнай работы – і ў руках дакумент аб атрыманні вышэйшай адукацыі. Жнівень,  віншаванні з першым працоўным днём. Я – карэспандэнт аддзела сацыяльных пытанняў раённай газеты «Ляхавіцкі веснік», па мэтавым накіраванні якой вучылася ў інстытуце журналістыкі.

…Гэтымі днямі больш за 130 маладых спецыялістаў папоўняць працоўныя калектывы ўстаноў і прадпрыемстваў розных галін і сфер дзейнасці Ляхавіцкага раёна. Хтосьці прыйшоў сюды працаваць па размеркаванні, хтосьці па заключаным дагаворы на мэтавую падрыхтоўку, а многія вакансіі шукалі самі – і знайшлі тут, на Ляхавіччыне, дзе маладым і кваліфікаваным кадрам заўсёды рады.

Першае працоўнае месца –  асаблівае, першая спроба самастойнасці яшчэ зусім зялёнага спецыяліста – няўпэўненыя, часам з памылкамі крокі, дагэтуль часта незнаёмае пачуццё адказнасці і жаданне апраўдаць надзеі кіраўніка. Але з кожным крокам, паспяховым і не толькі, з  падтрымкай і парадамі вопытных калег адчуваеш сябе патрэбнай часткай калектыву, з’яўляюцца натхненне і сілы ствараць нешта новае, удасканальвацца.

З новымі задумкамі і ідэямі маладыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя, дыпламаваныя папоўнілі рады культработнікаў. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Вераніка Блашэнка і Віктар Качан вярнуліся дадому. Цяпер яны настаўнікі па класе баяна і трубы (адпаведна) Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Сюды ж накіравана і Юлія Богдан – выпускніца той жа навучальнай установы. Яна будзе прывіваць любоў да музыкі, шукаць шляхі паразумення з выхаванцамі праз заняткі на цымбалах. У Конькаўскі  філіял Ляхавіцкай ДШМ уладкаваўся на працу выкладчыкам па класе баяна Іван Усовіч. Да работы харэографамі ў школе мастацтваў у райцэнтры з дыпломамі Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў прыступілі Вольга Буймістр і Алеся Груша. Выпускніца педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Алеся Русіна будзе рабіць першыя крокі ў прафесію ў якасці кіраўніка гуртка студыі «Апалон» ГДК.

Невялікае, але важкае папаў-ненне ў аддзеле ўнутраных спраў. Тры выпускнікі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь  далучыліся да нялёгкай справы вартаўнікоў правапарадку. Дарэчы, усе маладыя спецыялісты мелі накіраванні на вучобу ад Ляхавіцкага РАУС. Таму сёлета вярнуліся ў райаддзел і цяпер набіраюцца вопыту ў сваіх старэйшых калег.

Оперупаўнаважаныя аддзялення крымінальнага вышуку лейтэнанты міліцыі Дзмітрый Котаў і Аляксей Паляшчук размеркаванню рады.

– У сваім раёне працаваць значна прасцей. Тут праходзіў практыку, многае ўжо вядома. Тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас вучобы, – надзейная дапамога пры выяўленні і раскрыцці злачынстваў. Стараюся, тым больш калі ў сям’і ёсць на каго раўняцца: старэйшы брат Яўгеній таксама служыць тут участковым інспектарам, у дэпартаменце аховы працуе дзядзька, –  расказвае Дзмітрый.

Начальнік аддзялення  крымі-нальнага вышуку Віталій Давідоўскі маладой зменай задаволены:

– Рабяты, канешне,  пакуль яшчэ нявопытныя. Кожны дзень для іх – адкрыццё. Але па-хвальна  імкненне ўсё даведацца, убачыць, прапрацаваць. Іх ініцыятыўнасць па-добраму здзіўляе. Талковых супрацоўнікаў рыхтуе наша Акадэмія! Хочацца, каб гэтая хватка і жаданне працаваць захаваліся на працягу ўсёй службы.

Прыбыло і ў страі ўчастковых. Лейтэнант міліцыі Віталій Грынько з замацаваным за ім участкам азнаёміўся і прыступіў ужо да выканання службовых абавязкаў.

У гэтым годзе рады работнікаў лясной гаспадаркі таксама папоўніліся трыма маладымі спецыялістамі. Першае працоўнае месца ў Крывошынскім лясніцтве атрымаў выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Раман Аўчыннікаў. Цяпер у яго працоўнай кніжцы з’явіўся запіс: прыняты на пасаду майстар лесу. Сюды ж лесніком пасля заканчэння Ганцавіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці размеркаваўся і Ілья Шчарбук.   На аднаго машыніста тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны стала больш у лесапункце майстарскага ўчастка лясгаса, куды накіраваны выпускнік Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа  Вадзім Васілінчык.

– Арганізацыя ўжо выплаціла маладым спецыялістам грашовую дапамогу ў памеры месячнай стыпендыі. Акрамя таго, работнікам, якія прыехалі на працу з іншых мясцовасцяў, на працягу двух гадоў мы будзем кампенсаваць патрачаныя на арэнду жылля грошы, – расказвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі лясгаса Алена Тарлюк.

Сёлета больш за 30 маладых спецыялістаў сваю працоўную біяграфію пачнуць у сельгас-прадпрыемствах раёна. Галоўны спецыяліст па прававых і кад-равых пытаннях упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Карпейчык паведаміла, што ў  гаспадаркі раёна, а таксама ў ЛДАК выпускнікі розных устаноў (пераважна з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй) прыбылі на першае месца працы па размеркаванні.

Найбольшы наплыў новаспечаных аграрыяў у ААТ «Шлях новы». Атрымліваць практычны вопыт у гэтай гаспадарцы будуць 8 маладых спецыялістаў. Свой працоўны шлях у «Шляху новым» пачынае заатэхнік Сяргей Майсюк (выпускнік Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа). Трактарыстамі-машыністамі працаўладкаваліся ў КСУП «Тальмінавічы» Павел Грачыха і Раман Домніч. 7 маладых спецыялістаў і ў райаграсэрвісе. Сярод іх вядучы інжынер-энергетык, заатэхнік-селекцыянер, загадчык машыннага двара,  электрагазазваршчыкі, электраманцёры. Маладое папаўненне сёлета прынялі і КСУП «Ліпнянка», «Востраў-Агра»,  «Нача», ААТ «Жарабковічы».

Акрамя прадугледжаных заканадаўствам выплат і матэрыяльных дапамог, маладыя аграрыі многіх гаспадарак на працягу двух гадоў кожны месяц будуць атрымліваць да асноўнага заробку даплату. Калі яны пасля гэтага тэрміну застануцца працаваць далей, штомесячная даплата нават падрасце.

Актыўна вырашаецца жыллёвае пытанне маладых кадраў. Тым, хто размеркаваўся не па месцы жыхарства бацькоў і цяпер мае патрэбу ў жыллі, прадастаўляецца пакой у жылым доме або ў кватэры,  шэраг гаспадарак і арганізацый раёна кампенсуюць патрачаныя на арэнду жылля грошы.

Спецыялістаў многа! Гэта акалічнасць радуе. А ці захочуць маладыя пасля абавязковай адпрацоўкі неабходнага тэрміну змяніць працоўнае месца –  зусім іншае пытанне, якое залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад зацікаўленасці кіраўніцтва прадпрыемстваў у кадрах.

… Ведаю, наперадзе ў кожнага маладога спецыяліста многа складанасцяў. І памылкі – хочаш не хочаш – будуць. Магчыма, гэта і ёсць цана вопыту. І толькі зараз разумееш, як важна заўсёды куды-небудзь імкнуцца: з задавальненнем спяшацца на работу, дадому, дзе чакаюць родныя, у кіно, на цягнік, на сустрэчу з сяброўкай… Магчыма, у гэтым і ёсць наша жыццё.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *