Праблемы азначаны. Трэба вырашаць

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананне бюджэту ў першым паўгоддзі 2017 года  разглядаліся на жнівеньскім  пасяджэнні  райвыканкама. Неабходна не толькі агучваць праблемы, якія маюць месца, але і шукаюць шляхі   іх вырашэння – на гэтым акцэнтаваў увагу кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч.

Пра паказчыкі  і заданні
З 14 даведзеных раёну прагнозных паказчыкаў і заданняў  за паўгоддзе выкананы 9. Па ключавых паказчыках  эфектыўнасці – 3 з 4. У прыватнасці, экспарт тавараў склаў 149,9 працэнта  пры заданні 101, 9 працэнта; прыцягнута  прамых замежных інвестыцый  4,9 мільёна долараў пры заданні 2 мільёны долараў; на створаныя працоўныя месцы на новых  вытворчасцях  працаўладкавана 36 чалавек, што склала 109 працэнтаў да    задання.
Выкананы паказчыкі па тэмпах росту рознічнага тавараабароту, будаўніча-мантажных работ, стварэнні новых працоўных месцаў у малым прадпрымальніцтве; узроўні запасаў гатовай прадукцыі на складах; энергазберажэнні; у запланаваных межах трымаецца ўзровень  беспрацоўя.
На жаль,  дапушчаны і мінусы: па ўзроўні заработнай платы, вытворчасці прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі,  аб’ёму экспарту паслуг. Недастатковымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва  жылля. Рост вытворчасці   забяспечылі толькі  торфабрыкетны, малочны, кансервавы заводы, камунгас, «Трансэлектракамплект».
Асноўнымі прычынамі зніжэння аб’ёмаў экспарту паслуг намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба назвала змяншэнне попыту і  недастатковую работу кіраўнікоў і спецыялістаў устаноў і арганізацый па пошуку новых рынкаў збыту. Па яе словах, сёлета  кардынальна змяніць сітуацыю ў лепшы бок праблематычна. Патэнцыяльная магчымасць павялічыць  аб’ёмы за кошт дзвюдо  нядаўна створаных  арганізацый – ТАА «ЛаватэраГандаль» і «МетлітЭкспарт», але яны яшчэ не пачалі працаваць.
Адно прадпрыемства раёна –   ПМК-17 – па выніках паўгоддзя стратнае. Але сума страт зменшылася больш чым на 55 працэнтаў у параўнанні  з леташнім перыядам.
Актуальнае пытанне – пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць. Па стане на 1 ліпеня яна склала   3,4 мільёна рублёў (знізілася на 0,6 працэнта ў параўнанні з пачаткам  года). Статыстыку цягнуць уніз   камунгас (рост  «дэбіторкі» тут склаў 160 працэнтаў), ільнозавод (108,7 працэнта).
Таццяна Кацуба падкрэсліла:  фінансавы стан раёна ў цэлым за  першае паўгоддзе характарызуецца як устойлівы.  Арганізацыямі атрымана  5,4 мільёна  рублёў прыбытку. Найбольш прыбыткова спрацавалі прамысловыя прадпрыемствы –    3,2 мільёна  рублёў.
Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый на неабходнасці росту  прадукцыйнасці працы, узмацнення  дысцыпліны. Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што без развіцця эканомікі нельга дабіцца прагрэсу ў іншых     сферах жыцця раёна. Асаблівая ўвага павінна быць звернута і на кадравы складнік.
Ільнозаводскі мінус
Адсутнасць сыравіны адмоўна паўплывала на вытворчасць   мясцовага льнозавода. Выпуск прадукцыі за паўгоддзе склаў 51 працэнт да  аналагічнага ўзроўню  2016 года. Для таго, каб выканаць даведзеныя раёну заданні па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, прадпрыемству ў другім  паўгоддзі неабходна выпусціць 1500 тон ільновалакна    (за 6 месяцаў 2017 года  атрымана     848 тон). Наколькі гэта рэальна?  Многае залежыць ад сёлетняга ўраджаю.
Калі па выніках студзеня-ліпеня раён у цэлым на 4 працэнты знізіў узровень  затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, то  ў ільнозавода плюс  дасягнуў 109 працэнтаў. І гэты плюс не ёсць добры. Тут знізіліся аб’ёмы атрыманага чыстага прыбытку, рэнтабельнасць продажу.   У рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці ў раёне працавалі 480 чалавек, 176 – работнікі  менавіта гэтага прадпрыемства.
Ёсць пытанні  да камунгаса
Няўменне рацыянальна  размеркаваць выдаткаваныя бюджэтныя сродкі, людскія рэсурсы і тэхніку прывяло да зацягвання тэрмінаў рэканструкцыі цепласетак на тэрыторыі райбальніцы. Кіраўнік раёна  раскрытыкаваў работу камунальнікаў па падрыхтоўцы да  ацяпляльнага сезона.
Нямала пытанняў да іх і па будаўніцтве і рэканструкцыі жылля. У прыватнасці, марудна ідзе капітальны рамонт  шматкватэрніка па вуліцы Інтэрнацыянальнай,        17 у райцэнтры. Ёсць праблемы з аплатай работ па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыі вентканалаў для падключэння газавых калонак у доме   № 6 па вуліцы Южакова.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень агучыла красамоўную лічбу: запаўняльнасць гасцініцы «Эдэльвейс» за паўгоддзе склала 19,1 працэнта. Калі і далей гасцінічныя паслугі будуць развівацца такім чынам, то колькі часу спатрэбіцца камунгасу, каб акупіць сродкі, выдаткаваныя  на рэканструкцыю «Эдэльвейса»?..
Рэнтабельнае малако  і нізкія прывагі
Калі ў другой палове года фінансавы стан сельгаспрадпрыемстваў у асноўным вызначае продаж прадукцыі раслінаводства, то ў першай – жывёлагадоўлі. Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Вашчук паведаміў: у гаспадарках раёна надой малака склаў 101,8 працэнта  да ўзроўню мінулага года, на 80 кілаграмаў плюсуе надой ад кожнай каровы. У райаграсэрвісе, «Ліпнянцы», «Біфкаме»  таварнасць малака ніжэйшая за 90 працэнтаў.  З рэалізаваных для перапрацоўкі  26161 тоны малака 83 працэнты прададзена гатункамі  вышэйшым і экстра. Начальнік райсельгасхарчу зазначыў, што якасныя паказчыкі ў малочнай галіне палепшыліся, аднак  па-ранейшаму гэтаму пытанню трэба ўдзяляць першачарговую ўвагу: ёсць рэзерв росту.  Вытворчы сабекошт тоны малака ў сярэднім па раёне складае 362 рублі. І для параўнання: у «Жарабковічах» –  298 рублёў, а ў «Тальмінавічах» –  532 рублі. Вось і атрымліваецца, што ў «Тальмінавічах», як і ў «Ліпнянцы»,  малако – стратны прадукт.
Рэнтабельнасць вытворчасці  малака склала 30,2 працэнта, а вось прадукцыі   буйной рагатай жывёлы – мінус 35,3 працэнта. За 6 месяцаў года ў раёне зніжаны аб’ёмы прадукцыі буйной рагатай жывёлы – 90,9 працэнта да аналагічнага мінулагодняга паказчыка. «Вызначыліся» «Тальмінавічы» (51 працэнт), райаграсэрвіс (67), «Шлях новы» (72). Знізіліся таксама і сярэднясутачныя прывагі БРЖ, свіней, рэалізацыя жывёлы.
Аляксандр Вашчук упэўнены: далейшае дынамічнае развіццё малочнай жывёлагадоўлі і павышэнне прадукцыйнасці дойнага статка ў значнай ступені залежаць ад  дакладнай тэхналогіі вытворчасці.
Гаспадаркі раёна за справаздачны перыяд атрымалі выручкі ад рэалізацыі прадукцыі 106,5 працэнта  да леташняга аналагічнага перыяду, чысты прыбытак  ад рэалізацыі склаў 142 працэнты.  Са стратамі  ад рэалізацыі прадукцыі пачалі другое паўгоддзе КСУП  «Тальмінавічы» і «Ліпнянка».
З-за невыканання даведзенага задання па таварнасці малака, няпоўнасцю выкарыстаных рэзерваў павышэння якасці, зніжэння прадукцыйнасці, перарасходу кармоў сельгаспрадпрыемствы   недаатрымалі  амаль 300 тысяч рублёў. А між тым,  такой сумы хапіла б на павелічэнне зарплаты ў сярэднім па сельгасарганізацыях раёна на 161 рубель ці набыццё 450 тон дызельнага паліва, якога было  б дастаткова на правядзенне  асенняй  сяўбы.
Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ад кіраўнікоў аграпрадпрыемстваў і спецыялістаў райсельгасхарчу наладзіць строгую  дысцыпліну, дзейсны ўлік і пастаянны кантроль.
Не палучка, а зарплата
Намеснік старшыні райвыканкама  Таццяна Кацуба засяродзіла ўвагу на актуальным пытанні – узроўні заработнай платы. Хаця сёлета                                 сярэднямесячная зарплата за  паўгоддзе падрасла на 7,4 працэнта  да ўзроўню аналагічнага леташняга перыяду, але гэта ўсяго 90,8 працэнта паўгадавога задання.
Самая нізкая зарплата ў будаўніцтве – 438 рублёў, і гэта апошняе месца ў вобласці. Як адзначыў кіраўнік раёна, акрамя пэўных аб’ектыўных прычын, у прыватнасці, немалых сум  дэбіторскай запазычанасці,  ёсць і суб’ектыўныя: нізкая якасць будаўнічых работ, выкананых    ПМК-17 і  ПМК-13.
Адстаюць па зарплаце сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (акрамя «БелДана») – 473 рублі, гандаль – 513 рублёў.
Галоўны рэзерв павышэння зарплаты – рост вытворчасці, умацаванне эканомікі.
– Грошы неабходна зарабляць. Павінна быць аддача кожнага на сваім працоўным месцы.  А кіраўніцтву трэба прымаць меры дзеля гэтага, – рэзюмаваў Вячаслаў Сельмановіч.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *