Лясны інтарэс

Інтарэсы нашых юных землякоў не абмяжоўваюцца заняткамі ў школе. Яны малююць, спяваюць, займаюцца спортам. А яшчэ вывучаюць родны край, даследуюць  прыродныя багацці.
Дар’я Каляда  з  Жарабковіцкай СШ і Дар’я Бурак з гімназіі ў рэспубліканскім юніёрскім конкурсе «Квітней, мой лес!» у намінацыі «Устойлівае лесакіраванне» занялі другое  месца. Кіраўнік іх праекта  «Лес – люстэрка стану глебы» настаўніца біялогіі  Жарабковіцкай СШ Галіна Бунель расказвае, што старшакласніцы вывучалі ўплыў якасці глебы на рост і развіццё лясных раслін на прыкладзе земляў лясгаса. Праводзілі іх  хімічны аналіз, вызначалі механічны састаў, шчыльнасць і іншыя паказчыкі, высвятлялі, якіх мінеральных рэчываў не хапае ў глебе для  больш паспяховага развіцця дрэў.
Школьніцы ўзнагароджаны дыпломамі і планшэтамі. Да высокай адзнакі на рэспубліканскім узроўні жарабковіцкі праект быў прызнаны лепшым на абласным.
А ў намінацыі «Экалогія лясных жывёл» абласное журы за работу «Экалогія насякомых-шкоднікаў і меры барацьбы з імі на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва» першае месца прысудзіла дзевяцікласніку Крывошынскай СШ Ягору Гатоўчыцу (кіраўнік праекта Юрый Сельмановіч).
Адметна, што кожнае з даследаванняў мае прыкладное значэнне і можа быць выкарыстана лесаводамі на практыцы.
Наталля АДАМЕНКА,
намеснік дырэктара лясгаса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *