Заказвалі? Атрымайце! ДП «Нача»

Дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк, камбайнеры Эдуард Чалядка і Яўгеній Падгурскі.

Не ва ўсіх і не заўсёды атрымліваецца – вырасціць ячмень, які б па сваіх якасна-колькасных характарыстыках мог выступіць  сыравінай для піваварнай прамысловасці. Сарты вядомы, тэхналогія распрацавана. Але шмат што залежыць і ад надвор’я, падстроіцца пад якое – задача з многімі невядомымі. У гэтым сельгасцыкле ў «Начы» з закладзеных пад «піва» трох сартоў ячменю найбольш дакладна ў стандарт трапіў адзін. Півавары глядзяць на колер, памер і аднароднасць зярнят, бяруць пробу на крухмалістасць і ўтрыманне бялку, вызначаюць энергію прарастання і нават, у самым прамым сэнсе, прынюхваюцца да сыравіны. У «Начы» атрымалася – нягледзячы на няпросты год, гэты заказ  прадпрыемства з запасам выканала. Аналагічна, як і з пшаніцай.

Усе, хто быў заняты на ўборцы, папрацавалі добра ці вельмі добра. Да ліку апошніх дырэктар ДП Мікалай Тарлюк аднёс экіпаж збожжаўборачнага камбайна ў складзе братоў Віталія і Сяргея Васюкевічаў. Іх машына  была далёка не новая і не самая прадукцыйная. Перш чым вывесці свой КЗС-10 на хлебную ніву, Віталій і Сяргей надалі яму ўзровень надзейнай гатоўнасці. У полі ж былі на роўных з экіпажамі, якія кіравалі машынамі большай магутнасці і меншай зношанасці, што немалаважна. Намалацілі больш за тысячу тон зерня, пераключыліся на іншыя гаспадарчыя клопаты. Па-за жнівом і Віталій, і Сяргей кіруюць трактарамі, гатовы і ўмеюць працаваць практычна з любымі сельгасмашынамі і агрэгатамі.
«Нача» ў многім ужо адсеялася. Завяршылі з азімымі рапсам і ячменем. Апошняя культура, відавочна, не знаходзіць папулярнасці сярод гаспадарак раёна. «Нача» – адна з нямногіх, дзе лічаць і робяць інакш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *