Сакрэты важкага коласа. СВК «Ляхавіцкі»

Аператары ЗСК Яраслаў Радзіон, Леанід Юнік, Анатолій Герасімовіч, вадзіцелі Сяргей Хлапянік і Андрэй Жэрка.

Жніво пачынаецца ў красавіку.  Гэта адзін з першых бацькавых урокаў, якія засвоіў яшчэ школьнікам. Ад тэрмінаў сяўбы, якасці насення, яго акліматызацыі ў глебе, папярэднікаў і, канешне ж, захавання тэхналогіі  вырошчвання залежыць  ураджай, – гаворыць  старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.

Чарговы раз аграрыі гэтай  гаспадаркі прадэманстравалі на жніве сапраўдны майстар-клас. Пры намалоце 6959 тон  ураджайнасць збожжавых тут сёлета склала  57 цэнтнераў на круг. І гэта пры нізкай бальнасці тутэйшай глебы!  «Ляхавіцкі» стаў пераможцам у  раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю. А галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Шымкевіч падымаўся на сцэну абласных «Дажынак» у Давыд-Гарадку як уладальнік другога месца ў сваёй намінацыі.
У «Ляхавіцкім» жнівень выдаўся гарачым ва ўсіх сэнсах. Раса з поля – тут жа гул магутных камбайнаў і  аўтамабіляў напаўняў  жытнёвае наваколле.  Па словах старшыні  гаспадаркі, да ўсіх 8 экіпажаў камбайнераў і 18 вадзіцеляў прэтэнзій за час уборачнай не  было:  шчыравалі ад святла да цямна,  не лічыліся з уласным часам. Вынік кожнага заслугоўвае ўвагі і пашаны. І ў іншых намінацыях раённага спаборніцтва таксама ёсць  пераможцы з «Ляхавіцкага». Напрыклад, вадзіцелі  Сяргей Хлапянік і Андрэй Жэрка, якія перавезлі  з поля 1455 і 1342 тоны зерня  адпаведна. Нельга не адзначыць і  паспяховую работу аператараў зернесушыльных комплексаў.  Каля 200 тон зерня за суткі перапрацоўвалі на ўстаноўцы М-819 Анатолій Герасімовіч, Леанід Юнік, Яраслаў Радзіон. Іх  вынік – 8296 тон даведзенага да патрэбных кандыцый зерня.
СВК  першым на Ляхавіччыне разлічыўся з дзяржзаказам: 750 тон адборнай азімай пшаніцы ( на 50 тон больш задання) прададзена дзяржаве.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *