Па палявых законах. ААТ «Шлях новы»

Старшы камбайнер Генадзій Місько і камбайнер Генадзій Яфімовіч.

Больш за 2600 гектараў збожжа ўбралі сёлета хлебаробы аднаго з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў раёна – ААТ «Шлях новы». Каб спрацаваць хутка і без страт, задзейнічалі 14 камбайнаў, 12 аўтамабіляў і лепшых механізатараў. Работа кіпела не толькі ў полі: і днём, і ноччу ў рэжыме поўнай загружанасці працавалі

3 зернесушыльныя комплексы. Хлебны каравай гаспадаркі заважыў 11127 тон пры сярэдняй ураджайнасці 43 цэнтнеры на круг.
В. а. дырэктара ААТ Віталій Кульбіцкі гаворыць, што сярод удзельнікаў жніва цяжка назваць лепшых. А непрадузятыя лічбы толькі пацвярджаюць прафесіяналізм. Каторы год запар аператар ЗСК Васілій Суднік адзін з раённых лідараў у сваёй намінацыі, 4 гады назад быў сярод пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў. А ў мінулую суботу Васілію Эдуардавічу апладзіравалі ў сталіцы абласнога фестывалю-кірмашу, калі ён падымаўся на сцэну як уладальнік першага месца сярод аператараў зернесушыльных установак Брэстчыны. Да твару будуць стужкі пераможцаў раённых спаборніцтваў старшым камбайнерам маладзёжных экіпажаў Аляксандру Дзядовічу, Аляксандру Кендышу і Мікалаю Курловічу, камбайнеру Мікалаю Ціцікшу. Увесь п’едэстал у гэтай намінацыі  – у працаўнікоў «Шляху новага»!
Па асобым раскладзе на жніве працаваў і мехдвор таварыства. Яшчэ да прыходу механізатараў тутэйшыя рамонтнікі аглядалі тэхніку – у полі любая дробязь важная. І калі здаралася паломка, якую камбайнеры не маглі ўхіліць самастойна, на дапамогу прыходзіла майстэрня на колах – мабільная рамонтная група.
Добры работнік – накормлены работнік. Гэта ў «Шляху новым» таксама даўно і цвёрда ўсвядомілі. Таму пра абеды з дастаўкай у поле клапоцяцца не толькі на жніве, але і на сяўбе. Гаспадарка мае ўласную сталоўку, повары добра ведаюць густы хлебаробаў.
Літаральна на ўсіх участках, дзе ішла ўборка, нягледзячы на спякоту, з канцэртамі пабываў народы клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *