«Дажыначныя» гаспадары

Абед у полі.

Выступіць у ролі гаспадара раённых «Дажынак» – гонар. А яшчэ – дадатковая адказнасць і новыя клопаты, пэўныя дывідэнды ў выглядзе абноўленай за кошт розных крыніц фінансавання аграгарадской інфраструктуры. Пасля завяршэння свята ўсё застанецца тальмінавічанам.

КСУП «Тальмінавічы» ўборку збожжавых і зернебабовых завяршыла своечасова. Камбайнеры, якіх небеспадстаўна лічаць галоўнымі асобамі на жніве, сушыльшчыкі, адвозчыкі ўраджаю, іншыя спецыялісты – усе былі на сваім месцы. З шасцёркі камбайнавых экіпажаў галоўны аграном «Тальмінавіч» Яўгеній Ратомскі асабліва выдзеліў адзін – у складзе стрыечных братоў Сяргея Вашчылкі і Андрэя Кулака. Сяргей, які быў за старшага, – прафесіянал, штатны механізатар прадпрыемства. На фінішы жніва ён змяніў камбайн на магутны, узброены плугамі МТЗ-3022 – займаецца зяблевым ворывам. І тут у яго атрымліваецца як трэба – якасна і прадукцыйна.
Механізатар гаспадаркі Віктар Багдановіч сёння ў ліку лепшых хлебаробаў раёна падымецца на імправізаваную святочную сцэну. Гарачы ўборачны час Віктар правёў на зернетаку – забяспечваў чыстку-сушку зерня. Зараз яго франтальны пагрузчык «Амкадор» часцей знаходзіцца на пасляжніўным полі. У пытаннях нарыхтоўкі-ўборкі саломы ў «Тальмінавічах» зроблена нямала. Але работы працягваюцца і, канешне ж, патрабуюць пагрузачных аперацый. У гэтай справе Віктар майстар.
Як і для ўсіх хлебаробаў, сяўба з’яўляецца зараз прыярытэтным клопатам прадпрыемства-гаспадара раённых «Дажынак». З рапсам справіліся. Першыя засеяныя дзясяткі гектараў ужо аптымістычна абазначыліся ўсходамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *