Паважайце свае здольнасці, любіце свае слабасці

Стрэс на працоўным месцы — з’ява, на жаль, не такая ўжо і рэдкая. Псіхічнае і эмацыянальнае напружанне, трывога, дэпрэсія, сіндром эмацыянальнага выгарання… Як пазбегнуць такіх сімптомаў  і як змагацца з імі — пра гэта ішла размова на чарговым семінары па павышэнні ўзроўню адукацыі, што праводзіўся для выкладчыкаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Сустрэча была арганізавана кіраўніцтвам каледжа і аддзелам па справах моладзі райвыканкама. Яе тэма была акрэслена наступным чынам: «Псіхалагічныя аспекты паспяховай педагагічнай дзейнасці: сіндром эмацыянальнага выгарання і спосабы яго карэкцыі».

Падчас семінара ставіліся мэты не проста пазнаёміцца з паняццем, прааналізаваць яго прычыны, але і выявіць у сябе наяўнасць ці адсутнасць згаданага сіндрому, выпрацаваць рэкамендацыі па прымяненні спосабаў эмацыянальнай самарэгуляцыі.

Яшчэ да гэтай сустрэчы ў калектыве была праведзена дыягностыка па выяўленні сіндрому эмацыянальнага выгарання. У анкетах выкладчыкі дзяліліся сваімі асацыяцыямі са словам «работа» і расказвалі, як змагаюцца з негатыўнымі эмоцыямі. Найбольш папулярнымі спосабамі барацьбы, дарэчы, аказаліся спорт, чытанне кніг, прагляд тэлебачання, фізічная праца, думкі пра добрае, прагулкі на свежым паветры, спевы, зносіны з блізкімі людзьмі, заняткі любімай справай і г. д.

Семінар праходзіў у сяброўскай атмасферы, усе актыўна прымалі ўдзел у абмеркаванні фактараў, што ўплываюць на паспяховую педагагічную дзейнасць, і выпрацавалі наступныя рэкамендацыі, якія дапамогуць педагогу пазбегнуць прафесійнага выгарання. Спадзяёмся, гэтыя парады будуць цікавыя і для прадстаўнікоў іншых прафесій.

Свядома і мэтанакіравана клапаціцеся пра сваё здароўе: пастаянна займайцеся фізкультурай і спортам, вядзіце здаровы лад жыцця. Ацэньвайце сябе высока, будзьце ўпэўненымі ў сабе, сваіх магчымасцях і здольнасцях. Пераймайце вопыт паспяховага пераадолення прафесійнага стрэсу. Вучыцеся канструктыўна мяняцца ў напружаных умовах. Вам спатрэбяцца высокая мабільнасць, адкрытасць, таварыскасць, самастойнасць, імкненне абапірацца на ўласныя сілы.

Абавязковая ўмова поспеху — падтрыманне ўласнай самаацэнкі. Старайцеся больш пазітыўна ставіцца да жыцця. Шукайце ў людзях не недахопы, а добрыя рысы. Паважайце сябе! Паспрабуйце скласці спіс сваіх вартасцяў — дапаможа. Калі штосьці ў сабе не падабаецца, пастаўце мэту ад гэтага пазбавіцца. Пастарайцеся акружыць сябе тым, што аказвае станоўчы ўплыў. І яшчэ: свае «слабасці» трэба не толькі мець, але і любіць. Няхай вашым заўсёдным спадарожнікам стане вера: у чалавека, абставіны і г. д. Вера можа не проста дапамагчы ў вырашэнні цяжкіх пытанняў, а стварыць сапраўдны цуд.

Таццяна ТРАЦЦЯК,
педагог-псіхолаг Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *