Віталі хлебасольна

Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч віншуе старшыню СВК «Ляхавіцкі» Івана Вітко з перамогай гаспадаркі ў раённым спаборніцтве на жніве.

Калі ў першую вераснёўскую суботу   ўсе сельскагаспадарчыя дарогі Брэстчыны вялі  ў сталіцу абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2017» Давыд-Гарадок,  то ў другую ляхавіцкія хлебаробы і шматлікія госці трымалі курс на  Тальмінавічы.  Да свята аграгарадок папрыгажэў, стаў больш заможным і ўтульным. На добраўпарадкаванне Тальмінавічаў выдаткаваны немалыя бюджэтныя сродкі, пастараліся і тутэйшыя жыхары –   прывялі ў парадак свае дамы і падворкі, на вуліцах чысціня.

У гэты  дзень нават прырода зрабіла ляхавіцкім хлебаробам сапраўдны падарунак  – пасля халодных дажджлівых дзён нібы вярнулася лета.
Да чаго ж пасуе аграгарадку ўпрыгажэнне ў выглядзе імправізаваных сялянскіх падворкаў, якія  часова перасяліліся сюды  з усіх сельсаветаў Ляхавіччыны. Кожны стараўся здзівіць, парадаваць, вызначыцца. Чаго тут толькі ні ўбачыш! Стравы нацыянальнай кухні можна было пакаштаваць і нават даведацца «сакрэтныя» рэцэпты. Як заўжды, вырабы на розны густ дэманстравалі народныя ўмельцы. Поўдзень. Святочнае шэсце. У першых радах – героі-перадавікі. Яшчэ тыдзень-другі назад яны  ад святла да цямна шчыравалі на хлебнай ніве, а сёння ў  строгіх касцюмах з чырвонай стужкай пераможцы ў складзе дэлегацый сваіх сельгаспрадпрыемстваў прайшлі па галоўнай дажыначнай вуліцы. Многія з іх добра знаёмыя і шматлікім чытачам раёнкі: іх прозвішчы гучалі ў жніўных зводках, фотаздымкі ўпрыгожвалі рэпартажы, якія карэспандэнты «ЛВ» вялі на працягу ўсяго жніва. Кожную дэлегацыю суправаджаў музычны калектыў.
І вось доўгачаканы момант: фанфары абвясцілі пачатак цырымоніі ўшанавання  перадавікоў сёлетняга жніва. Па традыцыі каравай, спечаны з мукі новага ўраджаю, уручаецца старшыні раённага выканаўчага камітэта Вячаславу Сельмановічу.
– Жніво-2017 – ужо гісторыя: спякотная і поўная клопатаў, але шчодрая на шчырую працу і яе вынікі. Лёгкага хлеба не бывае – спрадвечная ісціна. І сёлета вы, паважаныя хлебаробы, працавалі дастойна, адказна, як і належыць сапраўдным прафесіяналам, вы адчувалі зямлю, гаварылі з ёй на адной мове, і яна шчодра вам аддзячыла. А важкі агульнараённы намалот у больш чым 58 тысяч тон  ­–  лепшае таму пацвярджэнне. Дзякуй за жніво! –   звярнуўся да прысутных Вячаслаў Сельмановіч. Словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас ветэранаў сельгасвытворчасці. Вядучыя зачыталі віншавальны адрас ад кіраўніцтва Лэнчненскага павета – даўніх сяброў Ляхавіччыны.
Пад апладысменты на дажыначную сцэну падымаліся жніўныя героі – пераможцы  раённага спаборніцтва. Сярод сельгаспрадпрыемстваў  першае месца ў СВК «Ляхавіцкі» (старшыня Іван Вітко), другое –  у ААТ «Жарабковічы» (дырэктар Антон Булаты), трэцяе –  у ЗТАА «БелДан» (дырэктар Мікалай Нікіцін). Старшыня райвыканкама ўручыў дыпломы пераможцаў лепшым камбайнерам, вадзіцелям на адвозцы зерня, аператарам зернесушыльных комплексаў.
Шчыра падзякаваў землякам за паспяховае жніво старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і ўручыў дыпломы за другое месца ў спаборніцтве.
Уладальнікаў дыпломаў ІІІ ступені віншаваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Вашчук. Шэраг працаўнікоў адзначаны граматамі  абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённага аб’яднання прафсаюзаў і раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».
Традыцыйна шматлюдна ў гэты дзень было каля павільёнаў Ляхавіцкіх малочнага і кансервавага заводаў: усе жадаючыя маглі прадэгуставаць смачную прадукцыю мясцовых перапрацоўшчыкаў.
На «Дажынках» працавала выязная міні-паліклініка. Можна было на месцы атрымаць кансультацыю тэрапеўта, хірурга, памераць узровень глюкозы ў крыві, ціск, вагу і рост.
Выдатна падрыхтавалася да свята працаўнікоў вёскі райпо. Асартымент – на любы густ: побач з цыбуляй, перцамі, памідорамі і капустай – персікі, вінаград розных сартоў, буякі, маліна, кавуны і шмат чаго іншага.  А яшчэ шашлыкі, розная выпечка і салодкасці – заходзь, купляй, частуйся. І жадаючых паласавацца прысмакамі ад райпо было нямала.Тым больш, пастараліся, прадумалі  і месцы для адпачынку на свежым паветры – прыгожа аформілі столікі.
Раздолле ў мінулую суботу было і для дзяцей – гульні, атракцыёны, шматлікія цацкі ў продажы. Акрамя ляхавіцкіх самадзейных артыстаў, сваё творчае майстэрства прадэманстравалі госці – народны ансамбль народнай песні «Запавет» Ганцавіцкага ГДК. А позна вечарам Тальмінавічы танчылі – была дыскатэка.
Адгрымелі ўрачыстыя фанфары, прагучалі віншаванні, узнагароджаны лепшыя з лепшых. Свята ў Тальмінавічах завяршылася, прадаўжаюцца хлебаробскія будні. І зноў будзе жніво, загудуць у полі камбайны, і пачнецца адлік намалочаных тон для новага раённага каравая. А колькі ён заважыць, залежыць, у тым ліку, і ад герояў учарашніх «Дажынак».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Больш фота тут

One thought on “Віталі хлебасольна

  • 12/09/2017 в 15:18
    Permalink

    Нужный и красивый праздник, когда можно искренне поблагодарить тех, кто всё лето трудился не покладая рук — наших хлеборобов.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *