Ведай і выконвай

Прызнайцеся сабе: ці часта вы парушаеце заканадаўства? І добра, калі ваш адказ — адмоўны. Але, здараецца, што некаторыя не саромеюцца ездзіць «зайцам», пераходзяць дарогу ў недазволеным месцы і пры гэтым выконваюць такія дзеянні наўмысна, спадзеючыся, што бяда абміне.

Ёсць вялікая колькасць сітуацый, якія прадугледжваюць і адміністрацыйную адказнасць. Так, артыкул 23.56 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь папярэджвае, што за парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы, у тым ліку абавязковых для захавання патрабаванняў тэхнічных нарматыўных актаў сістэмы супрацьпажарнага нарміравання і стандартызацыі,  прадугледжаны папярэджанне ці штраф у памеры да 30 базавых велічынь. А калі правілы пажарнай бяспекі парушаны асобай, адказнай за іх выкананне, і да таго ж сталі прычынай пажару, то памер штрафу вагаецца ад 30 да 50 БВ. Напрыклад, у вашай кватэры ўстаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік, і праз год у яго «села» батарэйка. Згодна пункта 13.6 правіл пажарнай бяспекі, наймальнік ці ўласнік кватэры па-вінен падтрымліваць АПА у спраўным стане. За парушэнне гэтага правіла — штраф да 30 БВ. Таму танней будзе замяніць батарэйку.

Не толькі дарослыя павінны ведаць і выконваць правілы пажарнай бяспекі, яны абавязаны прывучаць да гэтага і дзяцей. Не сакрэт, што большасць бацькоў днём знаходзіцца на працы, а дзеці пасля школы пакінуты самі на сябе. Многія праводзяць шмат часу ў інтэрнеце, і не заўсёды інфармацыя, атрымліваемая з гэтых крыніц, карысная.  Напрыклад, падлеткі шукаюць у пошукавіках, як сама-стойна зрабіць петарды, ці наколькі  яскрава будзе гарэць касцёр, калі ў яго падліць спецыяльнай вадкасці. Чытаюць, а потым спрабуюць… Вынікам такога дзіцячага свавольства з агнём часта становіцца пажар. Потым бацькі плацяць штраф, а дарослыя, у сваю чаргу, караюць дзяцей.  Аднак, заканадаўства прадугледжвае і адказнасць непасрэдна саміх непаўналетніх. Так, за  распальванне кастроў у забароненых месцах, за непраўдзівае паведамленне аб надзвычайнай сітуацыі нават 14-гадовы падлетак можа быць пакараны па закону. Бацькі павінны ведаць, што любое правапарушэнне лепш папярэдзіць, чым потым за сваю бяз-дзейнасць і абыякавасць адказваць перад законам, разлічвацца за гэта не толькі грашыма, але і  зда-роўем і жыццём — сваім і сваіх блізкіх. Таму перш чым паставіць «жучок» у лічыльніку, паспрабаваць самастойна адрамантаваць разетку, эксплуатаваць самаробны электрапрыбор замест заводскага, — задумайцеся, якой будзе расплата. Не варта выпрабоўваць лёс такім чынам.

Таццяна КАЛГУШКІНА,
інспектар групы прапаганды
і агітацыі РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *