“Імкнуцца да нуля”

З 1988 года першы дзень зімы адзначаецца як Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Першыя выпадкі гэтай пакуль яшчэ невылечнай хваробы пачалі рэгістравацца 30 гадоў назад.

Сёлета тэмай сусветнага дня барацьбы са СНІДам вызначана “Імкнуцца да нуля”, дабіцца адсутнасці выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў моладзі ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў. Важна таксама дабіцца поўнага ахопу лячэннем ВІЧ-інфіцыраваных. Сёлетняя кампанія  праводзіцца пры падтрымцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і прадоўжыцца да 2015 года.

Штогод напярэдадні 1 снежня ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на супрацьдзеянне эпідэміі ВІЧ-інфекцыі. Сусветная грамад-скасць арганізоўвае і праводзіць маштабныя акцыі. Гэта яшчэ адна нагода сказаць аб тым, што СНІД па-ранейшаму застаецца галоўным “забойцам”, асабліва сярод моладзі. На Ляхавіччыне РЦГіЭ, грамадскія арганізацыі, установы культуры і адукацыі арганізоўваюць тэматычныя конкурсы малюнкаў і плакатаў, “круглыя сталы”, віктарыны, тэматычныя дыскатэкі, дыспуты, вечары пытанняў і адказаў, спартыўныя спаборніцтвы. Медыкі распаўсюджваюць спецыяльную літаратуру па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і наркаманіі.

Звярнуць увагу людзей на праблемы СНІДу і наркаманіі, павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва, даць магчымасць задумацца аб тым, што гэта страшная хвароба не мае межаў, сацыяльнай прыналежнасці і ўзросту, а яе ахвярай можа стаць кожны, – асноўная мэта мерапрыемстваў такога кшталту. Адзіным выратаваннем ад ВІЧ-інфекцыі з’яўляецца прафілактыка.

За апошнія 20 гадоў хвароба павольна, але бесперашкодна перайшла з  ЗША і Цэнтральнай Афрыкі на іншыя кантыненты і ахапіла ўсе краіны свету. Па меркаванні экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны соты жыхар нашай планеты ўжо з’яўляецца носьбітам ВІЧ. На пачатак 2011 года хвароба забрала жыцці каля 30 мільёнаў чалавек, яшчэ каля 40 мільёнаў жылі з ВІЧ/СНІДам.

Па стану на 1 лістапада гэтага года ў Беларусі зарэгістраваны 12751 выпадак ВІЧ-інфекцыі (на Брэстчыне 942 выпадкі), з іх 992 (на Брэстчыне 80) выяўлены сёлета за 10 месяцаў. Пераважная колькасць інфіцыраваных – моладзь ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў – 7900 чалавек. Дыягназ “ВІЧ-інфекцыя” пацверджаны 198 дзецям (9 на Брэстчыне), 9 з іх ужо памерлі. Усяго ў Беларусі памерла па гэтай прычыне 2598 чалавек, у тым ліку 354 сёлета. На Брэстчыне ў эпідэміялагічны працэс уцягнуты ўсе адміністрацыйныя тэрыторыі вобласці. На Брэст, Пінск, Баранавічы і Лунінецкі раён прыходзіцца больш за 76 працэнтаў усіх выпадкаў.

Асноўны шлях перадачы ВІЧ-інфекцыі – праз ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў – 61 працэнт ад усіх выпадкаў. Аднак, штогод значна павялічваецца колькасць людзей, якія заражаюцца пры палавых кантактах. Сёлета такім чынам  на Брэстчыне інфіцыравалася 57,5 працэнта ад агульнай колькасці захварэўшых.

На 1 лістапада ў Брэсцкай вобласці памерлі 184 чалавекі, з якіх 77,7 працэнта – нарка-спажыўцы. Дыягназ “СНІД” устаноўлены 115 ВІЧ-інфіцыраваным, з якіх 59 чалавек памерлі. Лячэнне антырэтравіруснымі прэпаратамі атрымлівае 191 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей.

У Ляхавіцкім раёне па стане на 1 лістапада зарэгістравана 6 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.

Ларыса КЕНДЫШ,

памочнік урача-эпідэміёлага

райЦГіЭ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *