І мел, і камп’ютары

Навучальны год набірае абароты. Хлопчыкі і дзяўчынкі паступова ўваходзяць у школьны рытм, старанна карпеюць над падручнікамі. Для засваення ведаў немалаважнае значэнне мае стан працоўнага  месца. Гэтаму пытанню ва ўстановах адукацыі раёна надаюць вялікую ўвагу.  У мінулым годзе часткова  абнаўлялася мэбля ў сельскіх школах. Днямі ў гарадскія школы адразу з фабрыкі  паступілі 39 новых партаў і 24 канторкі (канторка – тая ж парта, за якой можна пісаць і чытаць стоячы; па меркаванні спецыялістаў, менавіта такая мэбля садзейнічае  фарміраванню правільнай паставы).  На гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдаткавана больш за 4500 рублёў.
Набытае абсталяванне для ясляў-сада №1  дазволіць рабятам разыгрываць сюжэтна-ролевыя гульні, падарожнічаць, напрыклад, у тэатр, паспрабаваць  сябе ў ролі прадаўца ў імправізаваным магазіне ці гаспадыні  на кухні.
Камп’ютарныя класы «1+10» і «1+5» і іншае  камп’ютарнае абсталяванне паступіла  ў СШ № 1 і Дараўскі дзіцячы сад-школу. Агульная сума пакупкі – без малога 27 000 бюджэтных рублёў. Усе 15 устаноў адукацыі раёна, па інфармацыі намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалая Прыхача, атрымалі спартыўны інвентар. Валейбольныя, баскетбольныя, гандбольныя і футбольныя мячы і розныя прыстасаванні для заняткаў фізкультурай і турызмам каштавалі мясцоваму бюджэту каля     10000 рублёў.
У справе навучання і выхавання дзяцей няма  дробязяў. І гэта датычыцца кожнай адукацыйнай     установы, незалежна ад яе месцазнаходжання.  Важна, каб і ацяпляльная сістэма школ-садоў працавала без збояў, і вокны добра адкрываліся-закрываліся (дарэчы, у СШ №1 сёлета было заменена 39 вокнаў на новыя пластыкавыя), і фасад глядзеўся, і мел быў у наяўнасці (яго на навучальны год закупілі ні многа ні мала – на 1728 рублёў), была выканана вогнебіяахоўная апрацоўка драўляных канструкцый і яшчэ многае іншае функцыянавала па раскладзе. Усяго на вырашэнне «дзіцячых» патрэб раённы бюджэт да новага навучальнага года выдаткаваў 300 тысяч рублёў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *