НаДОМная работа. Яна павінна быць завершана да канца кастрычніка

Дом № 12 хаваецца ў глыбіні двароў па вуліцы Южакова ў райцэнтры. З моманту будаўніцтва і да верасня мінулага года меў статус ведамаснага інтэрната ПМК-17. Большая частка жылых квадратаў дома апошнім часам заставалася незаселенай. Што значыць жыллё без гаспадара? Для старту разбуральных працэсаў хопіць і месяца. У выпадку з Южакова, 12 лік ішоў на гады.

Гаспадары заселеных кватэр тэлефанавалі, пісалі, прыходзілі –  звярталіся са сваёй праблемай у розныя інстанцыі. Выніковыя зрухі ў бок вырашэння праблемы пачаліся прыкладна год назад. Дом змяніў балансавую прыналежнасць: ад будаўнікоў перайшоў ва ўласнасць раённых камунальнікаў.
Стала магчымым «актывізаваць» праект рэканструкцыі будынка інтэрната. Пад яго былі выдаткаваны з абласнога бюджэту амаль 565 000 рублёў.  Эксперты вызначыліся з болевымі кропкамі, праекціроўшчыкі ў  асобе УП «Інстытут Брэстбудпраект» напісалі-начарцілі «рэцэпт лячэння», будаўнікі падрадзіліся ажыццявіць задуманае. Нежылая частка дома стала будаўнічай пляцоўкай.
Рэканструкцыя дома знаходзіцца пад пастаянным кантролем раённай улады.
Ляхавіцкая ЖКГ удзельнічае ў праекце адразу ў дзвюх ролях. Арганізацыя-заказчык пакінула за сабой і права на выкананне часткі будаўнічых работ. Будаўніча-дэмантажных, калі быць больш дакладным. Напрыклад, дэмантаж унутраных перагародак, падлогі, зняцце аддзелкі сцен, разборка бетоннага ганку і некаторае іншае падобнае, – справа рук нашых камунальнікаў. Гэтую частку свайго падраду выканалі яшчэ на стартавым этапе рэканструкцыі. На працягу летніх месяцаў нашы камунальнікі на будоўлі заняты не былі. З тым, каб вярнуцца на аб’ект ужо ў верасні, удакладніў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела камунгаса Віталій Калупановіч. Пасля завяршэння комплексу неабходных папярэдніх  работ пачалося ўцяпленне фасадаў. Іменна за вырашэнне гэтай задачы і бярэцца Ляхавіцкая ЖКГ. Пакуль на будоўлі імі асвоена 18500 рублёў.
Тайм-аўты ў рабоце здараліся, аднак галоўны падрадчык практычна не пакідаў аб’ект. За гэты час спецыялісты Бярозаўскай ЖКГ асвоілі на будоўлі каля 190 000 рублёў. Новае завяршэнне атрымала апорная «каробка». А, між іншым, у адным з яе вуглоў старыя сцены спатрэбілася разбураць да падмурка. Сценам надалі дадатковую трываласць за кошт заключэння многіх іх элементаў у металічны каркас. У памяшканнях выканана разводка электраправодкі, водаправодных і водаадводных сетак. Працягваецца ўнутраная аддзелка, абазначыўся ў контурах новы дах. З мэтай змяншэння нагрузкі на фундамент, у тым ліку і на апорныя сцены праектам прадугледжана, а будаўнікамі выканана ўстаноўка драўляных бэлек перакрыцця апошняга паверха.
У варыянце «пад ключ» дом атрымае шмат чаго новага. Часткова іншым стане і яго выкарыстанне: апошнім часам нежылая, а пасля рэканструкцыі кардынальна абноўленая яго частка атрымае статус арэнднага жылля.
Першапачатковыя планы абяцалі завяршыць рэканструкцыю яшчэ напрыканцы мая. Тэрміны пераносіліся: спачатку на месяц, пасля яшчэ ў сувязі са з’яўленнем дадатковых абставін. Напрыклад, разабралі адно – стала відавочнай неабходнасць больш «глыбокай» разборкі. А гэта – новыя задачы. У тым ліку і ў першую чаргу для праекціроўшчыкаў. Дарэчы, у пэўнай сваёй частцы праект рэканструкцыі будынка і зараз знаходзіцца на паўторнай экспертызе.
Да ўдзельнікаў рэканструкцыі ў верасні далучылася Ляхавіцкая ПМК-17. Узвядзенне перагародак на трэцім паверсе дома, унутраная аддзелка памяшканняў гэтага ж паверху з’яўляецца  фронтам работ гэтай будаўнічай арганізацыі. Прысутнасць новага субпадрадчыка, безумоўна, прыблізіць тэрмін здачы аб’екта ў эксплуатацыю. Ну і, што не менш важна і значна, для ПМК-17 гэта яшчэ і  магчымасць зарабіць. Не сакрэт жа, што ляхавіцкія будаўнікі падрадамі не перагружаны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *