Палявую моду дыктуе каралева. Уборачная перамясцілася на кукурузныя палеткі Ляхавіцкага раёна

Механізатар Валерый Ракашэвіч.

На адным полі – уборка другога хлеба, на суседнім кукурузным палетку – зялёнае жніво. Такая карціна не толькі ў  СВК «Ляхавіцкі» – на сённяшні дзень лепшым сельгаспрадпрыемстве па ўраджайнасці бульбы  і кукурузы, але і ў некаторых іншых.

– Насенне для сяўбы падбіралі вельмі дбайна, улічваючы аптымальныя тэрміны паспявання для нашай мясцовасці, – расказвае галоўны аграном СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Шымкевіч. – Мы выбіраем                сярэдняспелыя сарты айчыннай і замежнай селекцыі, бо яны найбольш прыдатныя для нашых земляў.
У гаспадарцы стараюцца дакладна прытрымлівацца  тэхналогіі і  маюць адпаведны вынік:  кукуруза на зялёны корм (пад яе адведзена  290  гектараў) радуе ўраджайнасцю – 474 цэнтнеры на круг. Для параўнання: сярэднераённы паказчык – 258.
Як сведчаць спецыялісты, кукурузны сілас – адзін з самых пажыўных і карысных кармоў для жывёлы. Для яго захоўвання  ў  «Ляхавіцкім» падрыхтавана спецыяльная  траншэя. Закладка  сіласу вядзецца ўвесь светлавы дзень пры  строгім выкананні тэхналогій. Толькі так сілас  захаваецца надоўга і будзе якасным. Яшчэ адна абавязковая     ўмова – сухое надвор’е. Пакласці зялёную масу ў  вільготныя траншэі –   значыць, літаральна знішчыць яе.
Галоўная дзеючая асоба на нарыхтоўцы кукурузы ў СВК механізатар   Валерый Ракашэвіч, які па-майстэрску кіруе  магутным  «Ягуарам».  Дарэчы, паралельна з уборкай кукурузы на сваіх палетках «Ляхавіцкі»,     як і ААТ «Жарабковічы»,  дапамагае  ў гэтай справе «Востраву-Агра».
На мінулым тыдні да нарыхтоўкі культуры на сілас  прыступілі ўсе гаспадаркі раёна. Сёлета кукурузны клін Ляхавіччыны – 5537 гектараў, з іх на 4792 гектарах каралева палёў пасеяна на сілас, на астатніх – на зерне.
Ці здольна гэта сельгаскультура  істотна  змяніць да лепшага сітуацыю з нарыхтоўкай кармоў для  зімовага  стойлавага  перыяду? Пакуль у гаспадарках раёна маецца ў сярэднім па 12 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.  Бясспрэчны лідар па гэтым паказчыку   КСУП «Ліпнянка», дзе ў наяўнасці больш за 30 цэнтнераў на ўмоўную галаву. Прычым, як адзначаюць у райсельгасхарчы,  нарыхтаваныя травяністыя кармы належнай якасці. Тым не менш, кукурузу на зялёны корм нарыхтоўваюць і тут.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *