Салют, піянерыя!

Вецер развявае пунсовае палотнішча, прыветна ўсміхаецца вераснёўскае сонца, уздоўж стройных радоў школьнікаў  ганарова і ўпэўнена   крочыць група сцяганосцаў.
– Увага ўсім! Пад сцяг  раённай піянерскай арганізацыі смірна! Раўненне на сцяг! – гучыць голас старшыні раённага савета БРПА Аксаны Субоцкай. І рабяты, да гэтага гарэзлівыя і смяшлівыя,  умомант  падцягваюцца, становяцца сур’ёзнымі і засяроджанымі.
У мінулую суботу чарговы раз школьнікі раёна ўрачыста і святочна адзначылі Дзень БРПА, салютавалі піянерскаму злёту, прымалі ў свае рады 214 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёння ў 15 піянерскіх дружынах раёна аб’яднаны каля 1500 нашых юных землякоў.
Раённы піянерскі злёт «Салют піянерскаму папаўненню!» сабраў на Плошчы Перамогі ў райцэнтры не толькі галоўных дзеючых асоб свята – пяцікласнікаў, але і іх бацькоў, настаўнікаў, сяброў, гасцей.  Піянер – гучыць ганарова. Гэта не проста новае званне, а  чарговая  прыступка даросласці і самастойнасці, калі можна праявіць свае здольнасці і самыя лепшыя якасці. Любіць сваю Радзіму, быць ва ўсім прыкладам, добрымі, сумленнымі, надзейнымі  сябрамі, заўсёды прыходзіць на дапамогу – абяцалі юныя піянеры.  Момант, калі настаўнікі, лідары раённага савета БРПА завязвалі ім чырвона-зялёныя піянерскія  гальштукі, застанецца ў памяці надоўга.
Дырэктар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Юнік цёпла  павіншавала рабят з важнай падзеяй у іх жыцці, пажадала, каб з павелічэннем піянерскай сям’і стала больш і добрых спраў.
Піянеры ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям, застылі ў хвіліне маўчання.
Па выніках 2016/2017 навучальнага года лепшай піянерскай дружынай прызнана «Сонечная» СШ №1 (педагог-арганізатар Алена Плескацэвіч). Званне лепшага піянерскага атрада заслужылі «Пунсовыя ветразі» Дараўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, «Арляняты» Ліпскай СШ, «Праметэй» Крывошынскай СШ. Падзякай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначаны атрады «Страла» і «Сонца» Тухавіцкай СШ.
А далей была гульнёва-забаўляльная праграма і мора ўсмешак, пазітыўных эмоцый і вяселля. Усхваляваныя і шчаслівыя, рабяты падзяліліся адчуваннямі.
Настасся БАБКО, вучаніца Малагарадзішчанскага дзіцячага сада-СШ:
– Доўга чакала дня, калі змагу завязаць піянерскі гальштук. Радуюся за сябе і аднакласнікаў. Пастараемся быць заўсёды і ўсюды першымі.
Паліна КАЛЯСІНСКАЯ, вучаніца СШ №1:
– Спраўдзілася мара стаць піянерам. Хачу дапамагаць людзям, стаяць у ганаровай варце, рабіць  дабро. Упэўнена, піянер павінен вучыцца выдатна.
Уладзіслава КАЛІСТ,
вучаніца Дараўскага дзіцячага сада-СШ:
– Піянерам быць вельмі адказна. Ад мяне залежыць многае, нават будучыня краіны. Было вельмі ганарова ад усіх сваіх аднакласнікаў ускласці кветкі да помніка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *