Свята права

У першую нядзелю снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты — работнікі судовых органаў, адвакатуры, натарыята, юрысконсульты прадпрыемстваў і ўстаноў, людзі, якія носяць пагоны, і тыя, чые службовыя абавязкі не выходзяць за рамкі цы-вільных. Усе яны — прадстаўнікі розных прафесій, якіх аб’ядноўвае служэнне агульнай мэце — вяршэнству закона, якое магчыма толькі пры захаванні законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.

Асаблівае і важнае месца сярод прававых устаноў займаюць натарыяльныя канторы. Кожны, хто сюды звяртаецца, разлічвае на кваліфікаваную дапамогу і аператыўнае вырашэнне сваіх пытанняў. Менавіта гэта атрымліваюць наведвальнікі Ляхавіцкай дзяржаўнай натарыяльнай канторы. З пачатку года тут праведзена больш за 2100 натарыяльных дзеянняў. Найбольш складаная, працаёмкая і адказная частка работы датычыць афармлення спадчынных правоў. Яшчэ адна надзвычай сур’ёзная сфера натарыяльнай дзейнасці — здзелкі з нерухомасцю. Прычым, у сваёй рабоце натарыусы актыўна прымяняюць прынцып «аднаго акна», калі неабходныя для засведчання здзелак звесткі і дакументы збіраюцца не грамадзянінам, а самой натканторай. Сярод зручнасцяў, што з’явіліся ў рабоце службы ў апошнія гады, — выязныя прыёмы па заяўках грамадзян у          аграгарадках раёна і магчымасць папярэдняга запісу на прыём да натарыуса.

Калектыў Ляхавіцкай дзяржнатканторы малады, але гэта не перашкаджае яму працаваць плённа і зладжана. Загадчык Іна Шабацько, якая ўзначальвае калектыў з 2007 года, дзяржаўны натарыус Наталля Мацяс і справавод Людміла Пабягайла не толькі паспяхова спраўляюцца з прафесійнымі абавязкамі, пастаянна ўдасканальваюць работу службы,  але і здолелі стварыць у сваёй установе асаблівую атмасферу — дзелавую і адначасова камфортную для наведвальнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *