Прапала, што дрэнна ляжала

Апошнім часам на тэрыторыі раёна пачасціліся  выпадкі крадзяжоў маёмасці  грамадзян.  Зладзеяў, якія ўкралі веласіпед  у Дарава-Чыж,  матацыкл у Тухавічах,  водную помпу, 30-метровы шланг і веласіпед у Мядзведзічах, маёмасць з нежылога дома ў Ганчарах,  пакуль знайсці не ўдалося. Па ўсіх вышэйпералічаных фактах узбуджаны крымінальныя справы.
З розніцай у некалькі дзён крадзяжы адбыліся ў аграгарадку Падлессе. Спачатку з аднаго падворка  ўкралі плуг, потым адразу 2 веласіпеды. У абодвух выпадках  сярод  зладзеяў – непаўналетнія.
Пакуль гаспадар  аднаго з дамоў па вуліцы Мінскай у райцэнтры працаваў у агародзе, аматар чужога дабра ўкраў кашалёк  з 80 рублямі з рукзака, які стаяў у двары. Злодзея знайшлі па гарачых слядах, але ён паспеў патраціць грошы на  спіртное. На выпіўку пайшлі  і сродкі, атрыманыя за продаж бензапілы, украдзенай  з двара дома па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры.
Засмучаны адмовай дзяўчыны, мясцовы Рамэа не знайшоў лепшага выкіда эмоцыям, чым пашкодзіць чужую маёмасць. Разам з сябрам на аўтадарозе Ляхавічы-Сваятычы недалёка ад вёскі Флер’янова вывернулі дарожныя знакі. Супраць падлеткаў узбуджана крымінальная справа.
Віталій  ЛАБАНАЎ, начальнік РАСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *