Як умацоўвалася «Дружба»

Адпачынак на марскім узбярэжжы – гэта, канешне, гучыць многаабяцальна і прывабна. Але, здаецца, ніякі курорт не параўнаецца  з дзясяткам сваіх дачных сотак, куды незалежна ад надвор’я і настрою імкнуцца гараджане, каб адвесці душу на прыродзе. Сюды спяшаюцца атрымаць зарад бадзёрасці, набрацца сіл, пераключыцца з хатніх спраў на атмасферу спакою і ўтульнасці. Для кагосьці дача – месца, дзе можна ўвасобіць у жыццё свае самыя крэатыўныя ідэі, напрыклад, змайстраваць пальму з пластмасавых бутэлек, паэксперыментаваць з сартамі памідораў або прыдумаць асабісты дызайн кветнікаў. Іншыя спяшаюцца сюды, каб папрацаваць на  ўраджай, сабраць агуркі, выкапаць бульбу.

Дачны сезон вельмі актыўны і ніколі не збаўляе тэмпаў. Здаецца, толькі разабраліся з расадай, а ўжо трэба падкормліваць, падсыпаць, палоць, не прапусціць момант, калі ягады паспелі, потым сачыць за іншай агароднінай. Далей час нарыхтовак. Прыемна ўзімку паласавацца ўласнымі закаткамі.
Для членаў садаводчага таварыства «Дружба» дзень, якім пачынаецца восень, даўно стаў адметным. 30 гадоў назад на чатырох з невялікім гектарах зямлі многія дачнікі атрымалі ўчасткі.  На мінулым тыдні «дружбаўцы» сабраліся, каб адзначыць гэты дзень, успомніць, з чаго ўсё пачыналася і чаго яны дасягнулі.  У іх ёсць чым пахваліцца.
Сёння адна са старэйшых вуліц «Дружбы» красамоўна называецца Зялёная. Абапал дарогі раскінуліся добраўпарадкаваныя ўчасткі, на якіх шчыруюць дачнікі са стажам. Вячаслаў Маслоўскі – адзін з першых, хто атрымаў жаданыя 6 сотак і пачаў ажыццяўляць сваю садоўніцкую мару. Успамінае, як знаёміліся з суседзямі,  планавалі, дзе будзе размяшчацца дом і розныя прыбудовы, дзе – агароды, як будаваліся, стараліся ўпрыгожыць свой участак, завозілі чарназём, каб павысіць урадлівасць глебы. Балоцістая мясцовасць паступова набывала выгляд утульнай вясковай вулачкі, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго, гатовы дапамагчы, падзяліцца ўраджаем. А многія ўвогуле падчас сезону мяняюць гарадскія кватэры і да пачатку халадоў жывуць у сваіх утульных дачных доміках.
– Тут свежае паветра, вакол лес, маляўнічыя краявіды. Летам хадзілі па ягады, цяпер у грыбы, а калі і проста любім з мужам паблукаць па гэтых чароўных мясцінах. І хоць набылі ўчастак больш за дзесяцігоддзе назад, кожны дачны сезон чакаем з нецярпеннем: за зіму накопліваецца безліч ідэй і хочацца іх хутчэй ажыццявіць, – расказвае дачніца з Баранавіч Ірына Скакун.
Дарэчы, многія прыязджаюць у свае загарадныя домікі з Баранавіч. Дабірацца зручна, побач чыгунка. Хвілін 20-30 – і ўжо на месцы. Ляхавічане часцей за ўсё абыходзяцца веласіпедам, не супраць і прайсціся пешшу, хаця ад транспарту не адмовіліся б. Не ў кожнага ёсць магчымасць штодня ездзіць на дачу на машыне.
Аляксандр і Таццяна Пятроўскія навічкі ў «Дружбе». І хоць сталі ўладальнікамі дачных сотак 4 гады назад, паспелі заваяваць аўтарытэт у суседзяў. Заканчваюць работу над домам,  прыступілі да добраўпарадкавання тэрыторыі: у дачны пейзаж маляўніча ўпісалася штучнае азярцо, арэлі, альтанка. Хутка з’явіцца і пясочніца – жаданне маленькай дачушкі.
Сёння тэрыторыя садаводчага таварыства  больш як 22 гектары. А гэта 300 зямельных участкаў, што размясціліся на 16 вуліцах. Прайдзіцеся па Ліпавай, звярніце на Вінаградную, адчуйце смак Вішнёвай, паблукайце па Азёрнай – такое маленькае падарожжа ў лета.
Назвы вуліц жыхары прыдумвалі самі, зацвярджалі іх на сходах, дзе вырашаюцца надзённыя пытанні. Сёлетні вераснёўскі сход ­– святочны, таму і тэмы адпаведныя. Старшыня таварыства Надзея Баўтко расказала, чаго ўдалося дасягнуць за апошнія гады: створана і сочыць за парадкам добраахвотная дружына,  на членскія ўзносы  ажыццяўляецца вываз смецця, падсыпка і грэйдзіраванне дарог. Дарэчы, «Дружба» – адно з нямногіх таварыстваў у раёне, тэрыторыя якога электрыфікавана.
Сустрэча «дружбаўцаў» атрымалася па-сапраўднаму цёплай, нягледзячы на дажджлівыя планы надвор’я: віншавалі адзін аднаго, спявалі, танчылі, жартавалі  і, канешне, абмяркоўвалі планы на будучыню.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *