«Чакаю першую сесію». «ЛВ» запрасіў маладых землякоў падзяліцца з чытачамі раёнкі ўражаннямі ад першых тыдняў вучобы.

Выкарыстана ілюстрацыя

Яшчэ нядаўна яны хваляваліся на школьных экзаменах, потым лічылі дні да моманту, калі даведаюцца пра вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, вызначаліся з навучальнай установай. А ўжо сёння – студэнты, прыязджаюць на выхадныя дадому. «ЛВ» запрасіў маладых землякоў падзяліцца з чытачамі раёнкі ўражаннямі ад першых тыдняў вучобы.

Ксенія ШЛОЙДА, студэнтка фізіка-матэматычнага  факультэта Брэсцкага тдзяржаўнага ўніверсітэта  імя А.С. Пушкіна:

– Калі чула ад старэйшых сябровак і сястры-студэнткі, што студэнцтва – зусім іншае, самастойнае жыццё, нават і не падазравала, што яно настолькі адрозніваецца ад ранейшага – школьнага. Хоць і кажуць, што гэта самая рамантычная пара, але разам  з тым вельмі адказная.

Вучыцца будзе нялёгка, гэта стала зразумела літаральна з першага вераснёўскага тыдня. Але цяжкасці не палохаюць.  Пазавучэбнае жыццё таксама насычанае: нядаўна быў святочны канцэрт з нагоды пачатку навучальнага года. Цяпер рыхтуемся да галоўнай падзеі ў жыцці першакурснікаў – прысвячэння ў студэнты «Артсесія». У пачатку кастрычніка першакурснікі пакажуць, на што здольныя.

Данііл ЯРАШ,  студэнт факультэта міжнародных эканамічных адносін і менеджменту Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА»:

– Першыя дні ў новым статусе, без перабольшання, адны з самых запамінальных у жыцці. І, здаецца, усё, з чым сутыкаюся, можна ахарактарызаваць словам «упершыню». Адразу столькі знаёмстваў з цікавымі і такімі рознымі людзьмі. Тут іншая сістэма ацэнак, замест урокаў – лекцыі і семінары. А наперадзе залікі і сесія! Хочацца разабрацца ў кожнай тэме дэталёва. Тым больш мая будучая прафесія – праграміст –  патрабуе стараннасці, уважлівасці, цярпення. Не ўяўляю сябе без спорту, таму, калі даведаўся пра спартыўныя секцыі на факультэце, адразу запісаўся на чатыры. Буду займацца  футболам, валейболам, плаваннем і лёгкай атлетыкай. Дарэчы, ужо нават ёсць чым пахваліцца: у спаборніцтве сярод першакурснікаў сталічных універсітэтаў па футболе наша каманда заняла другое месца, а вырашальны гол у вароты сапернікаў – на маім рахунку.

Аліна ЗУБІК, студэнтка факультэта міжнародных бізнес-камунікацый Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта:

– Гэтыя тыдні падарылі столькі падзей! Кожны дзень знаёміць нас, першакурснікаў, з новымі акалічнасцямі студэнцкага жыцця. І мне гэта падабаецца. Адразу дала сабе ўстаноўку на плённую працу –  цяпер галоўнае вучоба, а яна патрабуе сур’ёзнага і адказнага стаўлення. Напэўна, самае складанае –  правільна размеркаваць свой час, каб паспець разабрацца з вучэбным матэрыялам, заканспектаваць, зразумець, бо тэмы розныя, інфармацыя складаная, ды і аб’ёмы ўжо не школьныя.  Вельмі падабаецца англійская мова, цяпер мы вывучаем асобна яе фанетыку, граматыку і г.д. Пачалі ўжо рыхтавацца да адметнага ўніверсітэцкага мерапрыемства «Fresh blood»: будзем змагацца за права называцца лепшай групай сярод першакурснікаў.

Аляксандр ЕМЯЛЬЯНЧЫК, студэнт гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна:

– Вельмі люблю гісторыю. Яшчэ ў дзяцінстве захапляўся гістарычнымі кнігамі, цікавіўся старажытнымі замкамі. У школе гісторыя стала адным з маіх любімых прадметаў. Таму з выбарам прафесіі пытанняў не ўзнікла. І з першых дзён вучобы зразумеў, што мае чаканні нават пераўзышлі сябе. Канешне, складана быць далёка ад дома, але гэта і ёсць дарослае самастойнае жыццё. Пачынаю рыхтавацца да напісання курсавой работы: буду даследаваць гісторыю малой радзімы. Тэма цікавая і нерастыражаваная – «Польская аграрная рэформа ў Ляхавіцкім павеце 1921-1939 гадоў».

Дар’я ЖАЎНЯРЭВІЧ, студэнтка фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага  ўніверсітэта імя М. Танка:

– Канешне, трохі нязвыкла: школьныя 45-мінутныя ўрокі ў параўнанні з універсітэцкімі парамі не здаюцца такімі доўгімі. І хоць правучылася ня-многа, паспела атрымаць  незабыўныя ўражанні. Асаблівым днём было  1 верасня: шыкоўная канцэртная праграма, столькі ўвагі нам, першакурснікам. Цяпер з задавальненнем наведваю лекцыі. А заняткі ў лабараторыях і спецыялізаваных кабінетах выклікаюць сур’ёзны інтарэс. З хваляваннем чакаю першую сесію!

Гутарыла Маргарыта КУХТА.

One thought on “«Чакаю першую сесію». «ЛВ» запрасіў маладых землякоў падзяліцца з чытачамі раёнкі ўражаннямі ад першых тыдняў вучобы.

  • 28/09/2017 в 10:01
    Permalink

    Первая сессия у студента, как первый класс у школьника — как начнёшь, так и продолжишь. Главное, чтобы приоритеты были правильно расставлены

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *