Сэрца дзіцяці сілкуецца любоўю

Настаўнік мастацкага класа Вадзім Коваль са сваімі выхаванцамі.

Цікавая думка: дзеці – самыя таленавітыя людзі Зямлі. І  гэта  нягледзячы на тое, што яны могуць не валодаць, напрыклад, музычнай граматай або навыкамі акцёрскага майстэрства. Але, пагадзіцеся, здольны здзівіць сваімі задумкамі і знаходкамі, якія часам парушаюць усе законы  мастацтва, і выдаць шэдэўр нават калі бяруць у рукі музычны інструмент ці пэндзаль упершыню. Калі да творчасці дакранаюцца дзеці, атрымліваецца неверагоднае, галоўнае – дапамагчы раскрыць талент, паказаць, на што яны здольны. З гэтым перакананнем і працуюць з маленькімі гарэзамі настаўнікі Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Без малога 30 гадоў назад самы музычны будынак сённяшняга аграгарадка гасцінна запрасіў юных землякоў на цікавае знаёмства з мастацтвам. І традыцыйна на пачатку кожнага навучальнага года сюды спяшаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі: успомніць, што падзабылася за лета, і хутчэй прыступіць да вывучэння новага матэрыялу.
85 школьнікаў сёння займаюцца ў школе і філіялах установы, што размяшчаюцца ў аграгарадках Жарабковічы, Нача, Падлессе, на інструментальным і  мастацкім аддзяленнях.  Апошняе, дарэчы, адкрылася ў мінулым годзе, але паспела палюбіцца навучэнцам.  Тут юныя мастакі пазнаюць навакольны свет праз сюжэты, думкі, ідэі, што пераносяць на лісты паперы.
Сёння яны працуюць над партрэтамі матуль. Калі тэма занятку ўжо вядома, пачынаецца тое, што называюць палётам думкі. Дзеці фантазіруюць, абмяркоўваюць характар,   прыдумваюць, у якіх сітуацыях паказаць маму, з якой прычоскай, у якой позе, вырашаюць каляровую гаму будучага партрэта. Тэма вельмі асабістая, таму і падыход асаблівы – з любоўю і пяшчотай.
– Акрамя вучэбных момантаў, напрыклад, з чаго пачынаць маляваць твар, рукі, вочы і г.д., заўсёды стараюся пранікнуць ва ўнутраны свет дзяцей, зразумець, што іх хвалюе. Усё можна прачытаць па малюнку. Гэта надзвычай важна – у карціне павінен адчувацца настрой, – дзеліцца методыкай выкладання настаўнік мастацкага класа Вадзім Коваль.
З дня ў дзень прывіваюць пачуццё прыгожага, перадаюць вучням сваю любоў да музыкі  7 тутэйшых педагогаў: тыя, хто ўжо не адно дзесяцігоддзе крочыць у якасці настаўнікаў па краіне творчасці, і тыя, хто зусім нядаўна далучыўся да выкладчыцкай справы. Для траіх настаўнікаў з навасёлкаўскага творчага адраса пачалася іх працоўная біяграфія.
Запамінальным абяцае быць гэты навучальны год для Веранікі Блашэнка, якая сёлета размеркавалася сюды настаўніцай па класе баяна. Калектыў не новы, з многімі знаёма з дзяцінства – тут яшчэ вучаніцай Вераніка цвёрда вырашыла паступаць у Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж. Цяпер вярнулася ў ДШМ у якасці настаўніцы. І што прыемна, яна не адзіная, хто прыехаў працаваць у родную школу спецыялістам. Не першы год натхняе юныя таленты і яе сяброўка-калега – настаўнік па класе тэарэтычных дысцыплін Карына Петух.
Увогуле, многія выхаванцы школы пасля атрымання пасведчання аб заканчэнні ДШМ вырашаюць прафесійна займацца музыкай: паступаюць у каледжы, затым працягваюць вучобу ў ВНУ. Як, напрыклад, выпускнік школы Раман Масель – сёння студэнт- трэццякурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Сёлета навучэнцамі школы мастацтваў сталі 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. У асноўным школу наведваюць маленькія жыхары аграгарадка, прыязджаюць і з суседніх вёсак – Сваятычаў,  Каранеўшчыны, Ціткаўшчыны, Пранчакоў. Адлегласць не перашкода для творчасці.
Пасля абеду тут асабліва ажыўлена: урокі ў агульнаадукацыйных школах заканчваюцца, а гэта значыць ёсць час для дадатковай адукацыі. Будынак  напаўняецца гучаннем розных музычных інструментаў, дзіцячымі звонкімі галасамі і парадамі настаўнікаў, якія імкнуцца ўдасканаліць майстэрства навучэнцаў. Усё гэта звычайная атмасфера школы мастацтваў.
Рыхтуецца да паступлення ў музычны каледж Ангеліна Шчэрба. Разам з настаўніцай Юліяй Богдан (дарэчы, таксама малады спецыяліст) яна спасцігае майстэрства ігры на цымбалах: ездзяць на кансультацыі ў каледж, наведваюць шматлікія праслухоўванні.  Для іх гэты год асабліва важны: трэба ўдасканаліць тэхніку ігры, яшчэ раз прайсці ўвесь вывучаны матэрыял.
У суседнім класе толькі пачынае свой творчы шлях самая юная піяністка ўстановы Улада Вітко. А дапамагае рабіць першыя крокі, дарэчы, вельмі ўпэўненыя, настаўніца з унушальным стажам (больш за 35 гадоў плённай працы) Людміла Лондарава.
Ведае, як зрабіць сустрэчы з музыкай запамінальнымі і, канешне, зацікавіць дзяцей на занятках. Без жадання нічога не атрымаецца, упэўнена настаўніца.
– Выдатна,– ацэньвае ігру вучаніцы Людміла Міхайлаўна.
Хочацца паставіць такую адзнаку і ўсім настаўнікам установы, якія працуюць натхнёна і творча. Невялікі, але вельмі зладжаны калектыў імкнецца зрабіць школу мастацтваў своеасаблівым цэнтрам, дзе перасякаюцца шляхі тых, каму ёсць чаму навучыць, і тых, хто жадае знайсці сябе ў мастацтве. Сюды з задавальненнем прыходзяць дзеці, а бацькі – частыя ініцыятары святаў і канцэртаў. І ў гэтым вялікая заслуга дырэктара школы Таццяны Саўчык, якая  ўзначаліла ўстанову ў 2003 годзе.
Яна ўпэўнена, калі музыка гучыць у душы, то прыгожа льецца з любога музычнага інструмента:
– Ва ўстанове адукацыі і яе філіялах дзеці імкнуцца да прыгожага, далучаюцца да культуры і мастацкага свету. Канешне, не кожны, хто вучыцца ў нашай школе, стане музыкантам ці мастаком. Але, дзякуючы заняткам, дзіця развівае, напрыклад, і матэматычныя здольнасці, калі вывучае клавішы, іх размяшчэнне або нотную грамату. А гэта яшчэ і праца над паляпшэннем памяці. На ўроках мастацкага аддзялення развіваецца дробная маторыка рук.  Тыя, хто лічыць, што гэта двайная нагрузка для школьнікаў, памыляюцца. Лепшы адпачынак – гэта перамена дзейнасці.  Дазвольце сваім дзецям авалодаць самай дзіўнай мовай на планеце – мовай мастацтва.
ДА СЛОВА
Анастасія Папчэня,   жыхарка аг. Навасёлкі:
– Мая дачка Вольга вучыцца ў школе мастацтваў па класе баяна ўжо другі год. На ўрокі ходзіць з задавальненнем, рыхтуецца да іх. Часта дома ладзіць міні-канцэрт – хваліцца, што новага вывучыла. Такія маленькія поспехі робяць яе і, зразумела, нас, бацькоў, шчаслівымі. Жаданне займацца – важная акалічнасць. У многім гэта заслуга выкладчыкаў школы, якія даюць магчымасць нашым дзеткам не толькі атрымаць музычную адукацыю, але ведаюць, як іх зацікавіць,
куды накіраваць энергію. І не менш важна, вучаць  бачыць прыгожае ў паўсядзённым.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Дырэктар Навасёлкаўскай ДШМ Таццяна Саўчык і яе вучаніца Вольга Папчэня.

Настаўніца па класе фартэпіяна Людміла Лондарава з вучаніцай Уладай Вітко.

У дуэце з настаўніцай Юліяй Богдан Ангеліна Шчэрба спасцігае майстэрства ігры на цымбалах.

Учарашнія выпускніцы, а сёння настаўніцы школы мастацтваў Вераніка Блашэнка і Карына Петух.


One thought on “Сэрца дзіцяці сілкуецца любоўю

  • 28/09/2017 в 09:12
    Permalink

    Як мне падабаюцца такія мірна-музычныя сюжэты. Разумнікі дзеткі, клапатлівыя настаўнікі. Натхняюча, прыгожа і светла.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *