Дыягнаставана цеплавая недастатковасць

Сіноптыкі прагназуюць раннюю і халодную зіму. У бліжэйшы час магчыма пахаладанне. Які адказ на гэты выклік надвор’я дасць камунальная гаспадарка?  На вераснёўскім пасяджэнні райвыканкама адно з пытанняў парадку дня  датычылася гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу Ляхавіччыны да работы ў асенне-зімовы перыяд.

Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ад кожнага з выступаючых глыбокага аналізу праблем. Асаблівая ўвага – на кадравы складнік нявырашаных пытанняў.
Да пачатку верасня ўсе спажыўцы цяпла павінны быць з пашпартамі гатоўнасці.  Аднак, па стане на 20 верасня, такія дакументы мелі  толькі  62 працэнты цеплакрыніц і 87 працэнтаў спажыўцоў.  Не захоўваюць графік рэгістрацыі пашпартоў ЗТАА «БелДан», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», райпо, ільнонасенстанцыя, ЖБСК № 4 і № 6.
Прычым, напрыклад, у «БелДане» зроблена амаль усё па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, а вось належныя дакументы так і не аформлены. Аналагічная сітуацыя ў райаграсэрвісе.
Кацельная гаспадарка, цепласеткі, практычна ўвесь жыллёвы фонд – зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Гэта арганізацыя – асноўны пастаўшчык цяпла ў жылыя дамы, на аб’екты сацкультбыту, прадпрыемствы, у адміністрацыйныя будынкі. Адзін з найбольш значных аб’ектаў сёлета – кацельня па вуліцы Вакзальнай у райцэнтры, якая  ў  гэтым ацяпляльным сезоне павінна перайсці на мясцовыя віды паліва.
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч падкрэсліў, што кацельню павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю 20 верасня па дагаворы падраду. Як аказалася, нават дазвол на будаўніцтва ў органах дзяржбуднагляду дагэтуль жылкамунгасам не атрыманы…
З тэрмінам не паспелі. А калі надвор’е прынясе чарговы сюрпрыз і істотна пахаладае  да гэтай даты? Несалодка прый-дзецца тады жыхарам дамоў і працаўнікам арганізацый, якія знаходзяцца ў так званай прамысловай зоне райцэнтра.
– Незразумелая пазіцыя  кіраўніцтва Ляхавіцкай ЖКГ – заказчыка гэтага аб’екта. Любое  зацягванне будаўніцтва прадугледжвае павелічэнне кошту праекта. Чаму несвоечасова пачала работы гомельская фірма, якая выйграла тэндар?  Чаму, калі было цёпла, не ішла рэканструкцыя кацельні? – старшыня райвыканкама адрасаваў дырэктару камунгаса Аляксандру Мядзвецкаму канкрэтныя пытанні. Даручэнне: да 1 кастрычніка ўвесці аб’ект у строй. Той запэўніў, што да гэтай даты работы на кацельні будуць завершаны.
Не менш востра стаіць праблема замены цепласетак у раёне райбальніцы (да данага пытання «ЛВ» звяртаўся неаднаразова). Бюджэтныя сродкі на гэта былі выдзелены летась, тады ж пачаліся работы. Да пачатку ацяпляльнага сезона яны павінны быць поўнасцю завершаны, запатрабаваў кіраўнік раёна.
Райвыканкам прыняў рашэнне хадайнічаць перад абласным упраўленнем ЖКГ аб прыцягненні дырэктара Ляхавіцкай ЖКГ Аляксандра Мядзвецкага да дысцыплінарнай адказнасці за непадрыхтоўку ўводу кацельні па вул. Вакзальнай і цепласетак у раёне райбальніцы ў вызначаныя тэрміны.
Што датычыць нарыхтоўкі паліва, то камунгас нарэшце пагасіў запазычанасць перад лясгасам за пастаўленыя дровы.  Не было б  шчасця, ды няшчасце дапамагло:  караед, які пашкодзіў у тым ліку і лясы Ляхавіцкага раёна, паўплываў на ўсыханне  дрэў, а сухая драўніна – лепшы  паліўны рэсурс. Дырэктар ЖКГ пацвердзіў: сёлета праблем з мясцовымі відамі паліва не будзе.
У сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна падрыхтоўчыя мерапрыемствы да ацяпляльнага сезона не завершаны. На балансе арганізацый АПК – 4 стацыянарныя і 12 перасоўных аўтаномных крыніц электрасілкавання. Апошнія адсутнічаюць у ДП «Нача» і КСУП «Тальмінавічы».  Часткова забяспечана  месячная патрэба ў кацельна-пячным паліве.  Не завершана падрыхтоўка водазаборных свідравін, адсутнічае неабходны  абменны фонд  пагружных помпаў. Спецыялісты  гаспадарак па-ранейшаму крытыкуюцца за недастатковае прыняцце мер па захаванні пажарнай бяспекі на аб’ектах, выкананне супрацьпажарных мерапрыемстваў.
Вячаслаў Сельмановіч даручыў кіраўніцтву райсельгасхарчу прааналізаваць ход падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона ў аграпрадпрыемствах і даць належную ацэнку рабоце адказных спецыялістаў. Да 10 кастрычніка ўказаныя праблемы павінны быць вырашаны.
Свая зона адказнасці ў падрыхтоўцы да ацяпляльнага  сезона  і ў раёна электрасетак. На аб’ектах энергазабеспячэння часткова – дзе больш неабходна – праведзены  капітальны рамонт трансфарматарных падстанцый, паветраных і кабельных  ліній электраперадач, заменены сілавыя трансфарматары  і апоры.
Пэўную работу правялі і ў раёне газазабеспячэння. У прыватнасці, выканана комплекснае прыборнае абследаванне газаправодаў рознага ціску, заменена 823 адзінкі састарэлага газавага абсталявання і 5 газаразмеркавальных пунктаў, якія эксплуатаваліся больш за 20 гадоў; поўнае тэхнічнае абслугоўванне газавых прыбораў праведзена ў 1457 кватэрах гараджан і вяскоўцаў.
Як праінфармавалі кіраўнікі ДРБУ-200 і ДЭУ-24, дарожныя службы забяспечаны неабходнай тэхнікай і пясчана-солевай сумессю. На дарогах, дзе найбольш часта бываюць заносы, плануецца ўстаноўка снегазатрымліваючых шчытоў.
Што датычыцца сацыяльнай сферы, то, як запэўнілі прадстаўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райбальніцы, іх аб’екты падрыхтаваны поўнасцю.
На пасяджэнні райвыканкама таксама разглядаўся ход выканання плана па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва Ляхавіцкага раёна на 2016-2020 гады.
Па пытаннях парадку дня прыняты адпаведныя рашэнні.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *