Небяспечна для жыцця. 28 верасня – Сусветны дзень барацьбысупраць шаленства

Выкарыстана ілюстрацыя

Шаленства – вострая інфек-цыйная хвароба віруснай этыялогіі, якая характарызуецца пашкоджаннем     цэнтральнай нервовай сістэмы і заканчваецца лятальна.

Крыніцай шаленства ў прыродзе з’яўляюцца  жывёлы сямейства сабачых (ліса, воўк, шакал, янотападобны сабака і інш.), каціных, куніцавых (куніца, ласка, барсук, тхор і інш.).
У прыродных ачагах на тэрыторыі Еўропы вядучая роля ў распаўсюджванні захворвання належыць лісіцы (74 працэнты ўсіх выпадкаў захворвання дзікіх жывёл). Заражэнне чалавека найбольш часта адбываецца кантактным    шляхам пры ўкусах і асліненні хворай на шаленства жывёлай. Фактарам перадачы віруса ў гэтым выпадку з’яўляецца сліна. Драпіны, нанесеныя кіпцюрамі жывёлы, таксама небяспечныя, таму што жывёлы вылізваюць лапы. Захворванне можа развіцца пры трапленні сліны на слізістыя абалонкі, напрыклад, на кан’юнктыву, пры кантакце са шкурамі хворых жывёл. Інкубацыйны перыяд шырока вар’іруецца. Часцей ён складае ад 10 да 90 дзён, але апісаны выпадкі доўгага інкубацыйнага перыяду да 2-3 і нават 20 гадоў.
Вылучаюць тры стадыі захворвання.
Прадрамальны перыяд доўжыцца 1-4 сутак і праяўляецца павышэннем тэмпературы цела, галаўным болем, стамляльнасцю, стратай апетыту. Адзначаюцца болі па ходу нерваў, бліжэйшых да месца ўкусу, павышаная адчувальнасць скуры ў месцах укусу, невялікія паторгванні мышцаў.
Стадыя ўзбуджанасці  доўжыцца ад  4 да 7 дзён і праяўляецца перыядычнымі прыступамі псіхаматорнага ўзбуджэння. Выяўляецца рэзка павышанай адчувальнасцю да нязначных раздражняльнікаў: яркае святло, розныя гукі, шум. Хворыя становяцца агрэсіўнымі, буйнымі, з’яўляюцца галюцынацыі, пачуццё страху, сутаргі. Стадыя ўзбуджанасці, як правіла, суправаджаецца гарачкай да 40 градусаў. Па меры развіцця хваробы прыступы наступаюць ўсё часцей, а міжпрыступныя прамежкі скарачаюцца.
Стадыя паралічаў, падчас якой далучаюцца прыкметы пашкоджання чарапных нерваў: дыплапія, парэз нерву твару, парэзы мышцаў твару. Надыходзіць параліч мышцаў вачэй, парушаецца глытальная функцыя. Слінацячэнне ў спалучэнні з парушэннем глытання прыводзіць да з’яўлення пены ў роце,  характэрнай для хворых на шаленства. У палове выпадкаў адзначаецца вадабоязь: пры спробе піць ўзнікаюць рэзкія міжвольныя скарачэнні дыяфрагмы і іншых дыхальных мышцаў.
Калі вас пакусаў сабака, трэба неадкладна прамыць рану мыльнай вадой, затым апрацаваць перакісам вадароду і адразу ж звярнуцца ў медустанову. Не варта зацягваць са зваротам да ўрача. Вакцынацыя будзе эфектыўнай толькі ў тым выпадку, калі яна праведзена не пазней за 14 дзён ад моманту ўкусу або аслінення шалёнай жывёлай. Калі ёсць магчымасць, то трэба паназіраць за сабакам на працягу 10 дзён. Вакцынацыю можна спыніць толькі ў тым выпадку, калі на працягу 10 дзён сабака не загінуў і ў яго не праявіліся асноўныя прыкметы шаленства.
Віктар  Макарчук,
урач-інфекцыяніст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *