Дзеці за мір

Дзевяцікласнік СШ № 1 Глеб Сідор адным з першых стаў уладальнікам кнігі «Дзеці за мір», якую Беларускі фонд міру прэзентаваў 19 верасня ў Мінску. Летась да свайго 55-годдзя фонд аб’яўляў конкурс сачыненняў «Шчасце жыць у мірнай краіне». У ім наш юны зямляк паспяхова прыняў  удзел: пераадолеў раённы і абласны этапы, адзначыўся ў конкурснай намінацыі «Нашы добрыя справы». У зборнік увайшлі лепшыя пробы пяра школьнікаў, сярод якіх была і работа Глеба.  У сачыненні ён пісаў пра тое, які след у яго сям’і пакінула вайна. Вялікую Айчынную прайшлі прадзед і дзед, у Афганістане служыў бацька.
– Пра вайну і выпрабаванні, якія выпалі на лёсы    людзей, ведаю з расказаў родных, – адзначае старшакласнік і прызнаецца, што часта мы проста не цэнім тое, што маем.  –  Шчасце –  прачынацца ад сігнала будзільніка, а не ад выбуху снарада, вучыцца, сябраваць, гуляць у футбол, хадзіць у паходы.  Вельмі прыемна было атрымаць запрашэнне на гэту сустрэчу ў Дзень міру. Сабраліся рабяты з усёй Беларусі! Пабывалі на экскурсіі ў Беларускім дзяржаўным музеі  гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – уражанні ад убачанага самыя яркія і хвалюючыя. Усклалі кветкі да абеліска «Мінск – горад-герой». Гэты час праляцеў, як адно імгненне. Рабяты шчыра расказвалі пра сябе і свае здольнасці, дзяліліся, кім бачаць сябе ў будучыні. Даведаўся, што хлопчыкам і дзяўчынкам, якія нарадзіліся 21 верасня, прысвойваюць ганаровае званне «Дзіця міру». Падарунак  – кнігу «Дзеці за мір» – у сям’і будзем захоўваць як вялікую каштоўнасць, – падзяліўся ўражаннямі ад паездкі Глеб Сідор.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва школы.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *