Валюкевіч распаліў атмасферу. Спартыўную…

Ужо традыцыйны штогадовы адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча адбыўся ў Ляхавічах 30 верасня. Дванаццаты раз імянныя восеньскія старты аб’явіў наш знакаміты зямляк для аматараў лёгкай атлетыкі. Сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды гарадоў Баранавічы, Столін, Ганцавічы, Жабінка, Баранавіцкага, Пінскага раёнаў і, канешне, гаспадары турніру ляхавічане. У зборную каманду Ляхавіччыны ўвайшлі спартсмены з 15 устаноў адукацыі – 133 юныя прыхільнікі лёгкаатлетычных дысцыплін.

Генадзій Валюкевіч адкрыў турнір і пажадаў удзельнікам спаборніцтваў пераможных стартаў.

На гэтым спартыўным свяце прысутнічаў і кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч, які падзякаваў Генадзія Іванавіча за ягоную сувязь з маленькай радзімай, за падтрымку спартыўных дараванняў, а юным лёгкаатлетам пажадаў настойліва крочыць да сваіх галоўных рэкордаў.

У праграме турніру з удзелам 250 спартсменаў былі бег на 60, 300, 600, 1000 метраў, спартыўная хадзьба, скачкі ў даўжыню з разбегу, трайны скачок з разбегу, эстафетны бег. Сказаць, што ў гэты дзень тэмпература на ляхавіцкім стадыёне «Колас» зашкальвала, значыць нічога не сказаць! Волю да перамогі, выдатную фізічную падрыхтоўку паказалі многія  каманды і лёгкаатлеты. Хочацца адзначыць і асаблівую акалічнасць – спартыўную салідарнасць і дружалюбнасць усіх, хто ў гэты дзень быў па названым адрасе. Радаваліся ўласным поспехам, балелі за сваіх, не шкадавалі шчырай падтрымкі гасцям.

Па выніках турніру 60 яго ўдзельнікаў адзначаны ўзнагародамі. Красамоўная дэталь: 18 з іх – нашы землякі-ляхавічане. Абсалютнымі пераможцамі, заняўшымі першае месца ў спаборніцтвах, сталі Аляксандра Гатоўчыц з Ліпска (бег на 300 метраў), Яна Касцюк з СШ № 2 (бег на 1000 метраў і спартыўная хадзьба), Аляксандр Арлоўскі таксама з СШ № 2 (штурханне ядра).

Усім пераможцам і прызёрам уручаны медалі і граматы аддзела адукацыі спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама, а таксама грашовыя прэміі ад Генадзія Валюкевіча.

Да сустрэчы праз год, гаварылі і заснавальнік турніру, і арганізатары, і ўдзельнікі.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота тут.


One thought on “Валюкевіч распаліў атмасферу. Спартыўную…

  • 07/10/2017 в 17:25
    Permalink

    Жадаем Генадзію Валюкевічу далейшых посьпехаў і моцна трымацца на нагах!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *