Чалавек слова. Чалавек справы

Іншы раз здаецца, што ў характары гэтага чалавека сумяшчаецца несумяшчальнае – фізіка і лірыка. Ён эканаміст па адукацыі, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ляхавіцкім раёне, адказны, вельмі сур’ёзны спецыяліст. У яго калектыве – 22 высакакласныя прафесіяналы – эканамісты, юрысты, работа якіх, у рэшце рэшт, зводзіцца да фарміравання раённага бюджэту.

Пры ўсім гэтым Анатолій Жабік – лірык і рамантык, у адносінах з людзьмі вельмі  тактоўны і шчыры. У яго працоўнай біяграфіі цікавыя факты: прызваўся ў армію і трапіў на камсамольскую будоўлю – Байкала-Амурскую магістраль. Жыццё ў прыстасаваных памяшканнях, суровы клімат, паходны паёк, тысячы кіламетраў на спідометры грузавіка, за рулём якога калясіў салдат Жабік. І заўсёднае адчуванне асабістага дачынення да вялікай справы.

Пасля была вучоба ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. І там ён быў душой эканамічнага факультэта. Іграў на баяне ў ансамблі народных інструментаў, спяваў, быў інструктарам па стральбе, выконваў шмат іншых грамадскіх даручэнняў. Закончыў вучобу і – дамоў. Спачатку працаваў у фінансавым аддзеле райвыканкама, пасля, як сфарміравалася служба, перайшоў у падатковую інспекцыю, а з 1996 года яе ўзначальвае. Анатолій Казіміравіч лічыць, што яму вельмі пашанцавала ў жыцці, бо побач выдатныя прафесіяналы, энтузіясты, нераўнадушныя і адказныя людзі. Яны, дарэчы, сёння віншуюць свайго начальніка з залатой датай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *