Сонечна незалежна ад надвор’я

Пачатак кастрычніка заўсёды святочны, напоўнены водарам хрызантэм, самымі шчырымі віншаваннямі, пяшчотнымі прызнаннямі, сюрпрызамі. І незалежна ад надвор’я – ён цёплы і сонечны.  Дзень, якім сёлета пачаўся  самы яркі і маляўнічы восеньскі месяц, аб’яднаў тых, хто дапамагае дзецям пазнаваць навакольны свет, адкрываць да гэтага ім невядомае,  педагогаў, якія  ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, і, канешне, вучняў, што, незалежна ад узросту, спяшаюцца павіншаваць сваіх настаўнікаў.
У мінулую пятніцу ўрачыстасць у гонар работнікаў адукацыі перанеслася ў гарадскі Дом культуры і стварыла там асаблівую атмасферу. На ўваходзе галоўных «віноўнікаў» свята  віталі школьнікі, сардэчна запрашалі на канцэрт, уручалі віншавальныя паштоўкі. А фае ГДК яшчэ раз нагадала, што ў гэты дзень усе кветкі вам, паважаныя педагогі, кожны экспанат – цуд фларыстыкі, што ўвабраў усе фарбы гэтай неверагоднай пары.
З прафесійным святам павіншавала педагогаў намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, уручыла ўзнагароды райвыканкама і райсавета.  За шматгадовую і добрасумленную педагагічную дзейнасць настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Людміла Раманенка ўзнагароджана  нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі».
Усмешка і добры настрой – нязменныя атрыбуты педагагічнага свята. А як па-іншаму, калі кожнае выступленне – вершаванае віншаванне, музычны падарунак або сцэнка ад школьнікаў, навучэнцаў ЛДАКа, калег-настаўнікаў – яшчэ раз нагадвала, які важны чалавек у жыцці дзіцяці педагог. Крочыць побач, трымае за руку, калі бывае няпроста, радуецца за поспехі дзяцей і далей, калі школьнае жыццё заканчваецца, працягвае хвалявацца за нас, студэнтаў, маладых спецыялістаў, з кожным годам больш вопытных, ганарыцца дасягненнямі.
Цёплыя словы падзякі і віншаванні ў адрас педагогаў, выхавальнікаў дзіцячых садоў, работнікаў дзяржаўнага аграрнага каледжа, ветэранаў педагагічнай працы прагучалі ад  начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Якубоўскай і старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святланы Бялецкай. Бязмежная любоў педагога да дзяцей, яго імкненне навучыць кожнага, перадаць свае веды – дарагога вартыя, бо ў жыцці настаўніка чужых дзяцей не бывае, усіх лічыць сваімі. У гэтым і ўнікальнасць прафесіі, адзначыла Святлана Якубоўская і пажадала кожнаму здароўя, творчых поспехаў і даўгалецця.
Асаблівая ўвага мудрым, вопытным, адданым справе ветэранам-юбілярам, якія выхавалі не адно пакаленне вучняў і па сённяшні дзень дапамагаюць калегам, дзеляцца сваім бясцэнным вопытам і ведамі – заўсёды ў педагагічным страі. Апладысментамі вітала зала настаўнікаў, якім сёлета споўнілася 90, 80, 75, 70 гадоў. 90-годдзе адзначыла Соф’я Хмарук, 80-гадовы юбілей у Веры Сцепанчук. Між іншым, многіх прысутных педагогаў вучылі менавіта яны, людзі, якія сціпла размясціліся на першых радах святочнай залы і са слязамі на вачах, разгубленыя ад увагі, шчымлівых слоў у іх адрас, прымалі віншаванні ад сваіх вучняў-калег і не толькі.
Завяршальным акордам стала музычнае віншаванне ад поп-фольк групы «Лялькі Карпарэйшн», а яны дакладна ведаюць, як стварыць добры настрой і зрабіць гэты дзень запамінальным.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.
Больш фота тут.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *