Табель пралікаў

Усебаковая барацьба з карупцыяй дае свой плён: у нашым раёне колькасць карупцыйных злачынстваў з кожным годам змяншаецца.   Але, разам з тым, маюць месца разнастайныя карупцыйныя праяўленні.

Як і ў папярэднія гады, рэгіструюцца факты, калі работнік  адсутнічае на працоўным месцы, а ў табелі ўліку рабочага часу яму прастаўляюцца працоўныя гадзіны. Сумнае лідарства ў гэтым у райаграсэрвіса.  Адна з аператараў машыннага даення на дзень замянілася з другой. Аднак, у табелі 8 гадзін работы пастаўлена той, якая адсутнічала.  Праз нейкі час  чарговае парушэнне: загадчыца МТФ  ставіла ў табелі адпрацаваныя гадзіны работніцы, якая ў гэты час знаходзілася за межамі Беларусі. Такім чынам, загадчыца МТФ занесла ў табель непраўдзівыя звесткі.  Вінаватыя прыцягнуты да  дысцыплінарнай адказнасці, ім аб’яўлены заўвагі. На  гэтым прадпрыемстве ўстаноўлены і факты неналежнага растлумачэння дзеючага ў краіне антыкарупцыйнага заканадаўства.
Таму менавіта райаграсэрвіс  стаў месцам, дзе праходзіла чарговае пасяджэнне  раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.
Удзел у ім узялі,  акрамя членаў камісіі і работнікаў райаграсэрвіса, прадстаўнікі райсельгасхарчу,  аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Абмяркоўвалі пытанне, як выключыць карупцыйную рызыку пры правядзенні дзяржзакупак. Тым больш, што  пракуратура  раёна выявіла ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу парушэнні такога кшталту.
У прыватнасці: не размяшчалася інфармацыя ў адкрытым доступе аб правядзенні закупак за кошт уласных сродкаў у спецыялізаванай сістэме «Тэндары» на сайце Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн ці не адпавядала патрабаванням заканадаўства.
Адным з пытанняў парадку дня сталі  крэдыторская і дэбіторская запазычанасці  некаторых прад-прыемстваў раёна. Старшыня камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба запатрабавала ад арганізацый, дзе маецца запазычанасць,  прыняць неадкладныя  меры для яе змяншэння, а ў далейшым да поўнага пагашэння.
Начальнік аддзела аргані-зацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Чайкоўская  паведаміла, што  сёлета дзяржслужачыя і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый  падалі 104 дэкларацыі аб даходах, атрыманых за мінулы год. Парушэнняў не выяўлена.
Таццяна Кацуба падкрэсліла, што антыкарупцыйны накірунак дзейнасці патрабуе больш пільнай увагі з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый. Неабходна ўлічваць усе фактары і рызыку, якія ствараюць умовы для карупцыйных праяўленняў.
Кіраўнікам арганізацый і ўстаноў пры прыняцці кадравых рашэнняў трэба няўхільна кіравацца патрабаваннямі анты-карупцыйнага заканадаўства, праяўляць належную прынцыповасць пры назначэнні на кіруючую пасаду асоб, прымаць вычарпальныя меры па выключэнні выпадкаў незаконнага налічэння і выплаты заработнай платы работнікам, якія адсутнічаюць на працоўных месцах па асабістых прычынах.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *