А за ўдар – адкажаш

З пачатку года пракуратура ўзбудзіла 12 крымінальных спраў па фактах сістэматычнага нанясенння пабояў. Кулакамі дэбашыры размахвалі не на вуліцы – дома, у адносінах членаў  сям’і. Сістэматычна – значыць насілле не абмежавалася адным разам. Як правіла, такія факты ўстанаўліваюцца супрацоўнікамі міліцыі пры выездзе на сямейныя скандалы.
Адзін з нядаўніх  прыкладаў, па якім справа накіравана ў суд. Ляхавічанін у нецвярозым стане перыядычна падымаў  руку на жонку. Першы раз яна пра гэта заявіла год назад. Рукапрыкладства паўтаралася яшчэ двойчы. Мужчыне прад’яўлена абвінавачванне па частцы 1 артыкула 154 (прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі ці яе пазбаўлення на тэрмін да трох гадоў са штрафам ці без яго).
Калі супрацьпраўныя дзеянні ўчыняюцца ў адносінах да  непаўналетняга, састарэлага, цяжарнай жанчыны, чалавека, які знаходзіцца ў бездапаможным стане ці ў залежным становішчы, пачынае дзейнічаць частка 2 згаданага артыкула. Яна  прадугледжвае абмежаванне  волі на тэрмін ад года да трох ці абмежаванне волі на тэрмін ад года да пяці гадоў са штрафам ці без яго.
Ляхавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне па 8 крымінальных справах, якія датычылі нанясення мужам пабояў жонцы.
3 чалавекі асуджаны на тэрмін ад двух месяцаў арышту да года пазбаўлення волі.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, намеснік начальніка РАСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *