Лад жыцця – законны

Якія меры прымаюцца  для змяншэння колькасці крадзяжоў і ў якіх пытаннях недапрацоўваюць адказныя службы? Пра гэта і многае іншае ішла размова на сесіі раённага Савета дэпутатаў у верасні. Абмяркоўвалася  эфектыўнасць работы суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні злачынстваў супраць уласнасці.


За 8  месяцаў сёлета ў Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 66 крадзяжоў –  на трэць менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.  Але, як адзначыў часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Андрэй Студзянічнік, удзельная вага іх у агульнай структуры злачынстваў  па-ранейшаму застаецца высокай. Што датычыць раскрывальнасці, то толькі ў 60 працэнтах выпадкаў зладзеі ўстаноўлены – гэта самы нізкі паказчык у раёне за апошнія 5 гадоў. Практычна кожны другі крадзеж учынены з жылога памяшкання.
У тым ліку і недапрацоўкі ў растлумачальнай рабоце сярод насельніцтва па забеспячэнні захавання маёмасці прывялі да таго, што пераважная большасць  крадзяжоў адбылася з дрэнна ўмацаваных памяшканняў. Прычым, найбольш «папулярная» ў злодзеяў – сельская мясцовасць. Як сцвярджае статыстыка, найбольш спрыяльны час для крадзяжу – панядзелак і серада з 22.00 да 02.00 гадзін. А вось і партрэт сярэднестатыстычнага злодзея: 30-49 гадоў, нідзе не працуе і не вучыцца, сябруе са спіртным, мае судзімасць.
Многія грамадзяне пакідаюць сваю маёмасць на доўгі час без нагляду на дачах ці ў дамах, куды наведваюцца рэдка, а таксама ў дварах і пад’ездах, падвалах. Андрэй Студзянічнік зазначыў: ёсць прэтэнзіі і да старшынь ЖБСК. Сёлета абследавана каля 200 падвалаў і гарышчаў на прадмет  іх абсталявання замкамі. Па выніках абследвання старшыням жыллёвых кааператываў накіраваны прадпісанні. За невыкананне мерапрыемстваў, указаных у іх, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты  9 службовых асоб.
Не рэдкасць, калі на лесвічных пляцоўках людзі пакідаюць свае рэчы. Такая даступнасць правакуе нячыстых на руку грамадзян. Сёлета, напрык-лад, у дамах на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры і ў вёсцы Дарава-Чыж з лесвічных пляцовак укралі веласіпеды.
Спрыяюць зладзеям і абыякавыя адносіны кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў да пытанняў аховы маёмасці на падпарадкаваных ім аб’ектах.
Сходы грамадзян, выступленні ў працоўных калектывах і жыллёва-будаўнічых кааператывах, праверкі ўмоў захавання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей у арганізацыях і на прадпрыемствах (па іх выніках сёлета вынесена 256 прадстаўленняў і прадпісанняў па ўхіленні выяўленых недахопаў) і работы ахоўных пастоў (так, у ЗАТ «Белпрампрыбор» і ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» вартаўнікі на працоўным месцы знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення), навучанне паштальёнаў, касіраў правілам маёмаснай бяспекі, прававое інфармаванне школьнікаў і каляджан – асноўныя прафілактычныя мерапрыемствы, праведзеныя ляхавіцкімі міліцыянерамі.
Алкаголь часта штурхае на злачынства. Таму прафілактыка абавязкова мае на ўвазе і барацьбу з п’янствам. У 2017 го-дзе ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі асуджаны 24 чалавекі, выяўлена 70 фактаў парушэння антыалкагольнага заканадаўства, канфіскавана 760 літраў брагі і самагону, знішчана 16 самагонных апаратаў.  Але, як падкрэсліў пракурор раёна Сяргей  Дзяжко, частка такой прафілактычнай работы іншы раз не даводзіцца да лагічнага завяршэння.  З 24 асуджаных у ЛПП 9 туды пакуль так і не адпраўлены і прадаўжаюць весела  бавіць час. Большасць з тых, у каго адабраны самагон, атрымалі нязначны штраф і, хутчэй за ўсё,  зноў гэтым займаюцца.
– Толькі пры  дасканалай і зладжанай прафілактычнай рабоце можна чакаць выніку. Разнастайныя камісіі таксама павінны не проста распрацоўваць планы, а канкрэтна дзейнічаць, упэўнены пракурор  раёна.
Начальнік Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Сяргей Юрчык падкрэсліў: асноўныя намаганні службы накіраваны на ахову аб’ектаў рознай формы ўласнасці і грамадскага парадку ў зоне пастоў і маршрутаў патрулявання. Затрымана 189 чалавек, якія парушылі закон.
Занепакоены кры-мінальнай сітуацыяй на тэрыторыі свайго сельсавета старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч. Тут пражывае 31 чалавек з нязнятай судзімасцю і тых, хто адбывае пакаранне без ізаляцыі ад грамадства. Больш за 150 чалавек працаздольнага ўзросту не маюць пастаяннага месца работы. Сельвыканкам цесна ўзаемадзейнічае з  РАУС, РАНС, педагогамі, медыкамі, сацыяльнымі работнікамі. У выніку прафілактычнай работы колькасць крадзяжоў, як і наогул узровень злачыннасці на тэрыторыі сельсавета, зменшылася.
таршыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч падкрэсліў асаблівую ролю дэпутацкага корпуса ва ўмацаванні грамадскай бяспекі і правапарадку. Сесія прыняла па разгледжаным пытанні рашэнне. У ім, у  прыватнасці,  адзначана неабходнасць больш выніковых мер  па паляпшэнні дзейнасці грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Працоўным калектывам даручана больш эфектыўна ўзаема-дзейнічаць з сельвы-канкамамі ў барацьбе з п’янствам, самагонаварэннем і незаконным гандлем спіртаўтрымліваючай вадкасцю. Аддзелу адукацыі, спорту і турызму трэба наладзіць выніковую работу па выяўленні неўладкаваных сем’яў, а райпо – па ўдасканаленні тэхнічнай умацаванасці і аховы аб’ектаў спажыў-кааперацыі.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч зазначыў, што ў такой  важнай справе не павінна быць  назіральнікаў. Кожны адказвае за свой участак. У  першую чаргу пра захаванасць сваёй маёмасці павінен паклапаціцца сам грамадзянін, як і кіраўнік  – пра парадак і бяспеку ў падпарадкаванай яму арганізацыі. Цяжка ўкрасці там, дзе добра клапоцяцца пра бяспеку.
На сесіі разгледжаны і іншыя пытанні. Па ўсіх  прыняты адпаведныя рашэнні.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *