Без пошты ў вёсцы – ніяк!

9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты

Уявіць вёску без пошты немагчыма.  Здаецца, не бывае такога будзённага дня, калі б аддзяленне сувязі аграгарадка Русінавічы  пуставала: сюды заўсёды спяшаюцца вырашыць свае шматлікія справы вяскоўцы.

А яны сапраўды шматлікія. Абавязкаў у паштавікоў хапае: прымаюць, апрацоўваюць і выдаюць паштовыя адпраў-ленні, падпісваюць на перыядычныя выданні (прыемна, што самай  папулярнай па-ранейшаму застаецца любімая раёнка, якую  кожныя сераду і суботу чакаюць амаль па 220 адрасах), рэалізоўваюць тавары паштовыя і народнага спажывання. Гэта ўсё профільныя паслугі. А да іх яшчэ дадаём прыём плацяжоў (напрык-лад, можна аплаціць камунальныя паслугі ці пакласці грошы на мабільны тэлефон, выплаціць страхавыя ўзносы ці крэдыт і многа іншага). Спраў хапае.
У паштовым аддзяленні аграгарадка Русінавічы працуюць надзейныя, правераныя часам людзі. Людміла Кузьміна сваю працоўную дзейнасць пачынала паштальёнам у Мінічах, потым была аператарам сувязі, замяшчала калегаў падчас адпачынкаў. І цяпер з красамоўным паштовым стажам у 20 гадоў яна ўзначальвае аддзяленне.
– Мне гэта работа па душы. Падабаецца пах толькі што прынятых часопісаў і газет, люблю разбірацца з дакументацыяй. Тут заўсёды адчуваеш сябе патрэбнай землякам – гэта важная акалічнасць для кожнага чалавека. З ранку сустракаюся з калегамі-паштальёнамі Вольгай Грыкель і Ірынай Толкач, сартуем перыёдыку і пісьмы па населеных пунктах. Дарэчы, мы абслугоўваем аграгарадок Русінавічы, вёскі Гаслаўшчына і Жарскія, насельніцтва якіх больш за 750 чалавек. Нашы паштальёны не проста выконваюць сваю працу, а імкнуцца зрабіць усё на вышэйшым узроўні. У любую пару года, нягледзячы на капрызы надвор’я, вяскоўцы могуць быць упэўнены, што своечасова атрымаюць сваю  газету, што пісьмо абавязкова прый-дзе да адрасата, – адзначае Людміла Станіславаўна.
Дарэчы, Людміла Кузьміна адзначана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.
Маргарыта КУХТА.
Фото Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *