Восень без грыпу? Гэта проста

За падманлівым восеньскім сонейкам, лёгкім ветрыкам, калі хочацца расшпіліць куртку і атрымаць асалоду ад цеплыні, а затым – рэзкім пахаладаннем хаваюцца прастудныя захворванні. Ім толькі дай слабіну – і яны возьмуць верх. Не паспела задажджыць, як у аптэках  чаргі за лекамі ад прастуды, усё больш тых, хто з талончыкам у руках чакае прыёму тэрапеўта. Скаргі, бы па стандарце: насмарк, кашаль, высокая тэмпература, горла баліць. Але лепш пазбегнуць гэтых непрыемнасцяў і папярэдзіць хваробу.

Галоўныя ўрачы райЦГіЭ і ЦРБ першымі прышчапіліся ад грыпу

Самым простым і бяспечным спосабам засцерагчыся ад інфекцыі была і застаецца вакцынацыя. У мінулы чацвер у райвыканкаме медыкі ЦРБ і райЦГіЭ прышчэплівалі супраць грыпу ўсіх жадаючых. Як адзначае ўрач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход, чым больш у калектыве тых, хто зрабіў прышчэпку, тым меншая верагоднасць заносу і распаўсюджвання віруса сярод работнікаў. У раён паступіла вакцына расійскай вытворчасці «Грыпол «Плюс», якая ўтрымлівае ўсе антыгенныя кампаненты, штамы віруса, што цыркулююць на тэрыторыі нашай краіны. Вакцына не выклікае ўскладненняў, добра пераносіцца і дарослымі, і дзецьмі.  Пра неабходнасць вакцынацыі, сімптомы, лячэнне і наступствы грыпу расказаў галоўны ўрач райЦГіЭ Віталій Ціханаў.

ДАРЭЧЫ: з 2010 года ў раёне для імунізацыі выкарыстоўваюцца вакцыны, якія не ўтрымліваюць жывы вірус грыпу, а толькі яго асобныя часцінкі, што важна для фарміравання імунітэту.

Лепш за ўсё прышчапіцца ад грыпу восенню, да таго, як пачнецца сезон уздыму ВРІ. Праз 2-3 тыдні пасля прышчэпкі чалавек атрымлівае надзейную абарону ад грыпу на працягу 6-12 месяцаў.

Між іншым, з 2012 года ў раёне не было зарэгістравана ніводнага выпадку захворвання грыпам, а колькасць захворванняў ВРІ знізілася ўдвая. У гэтым годзе плануецца прышчапіць больш за 10450 чалавек – 40 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва раёна. Як адзначыў галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч, хутка медыкі з прышчэпачнай кампаніяй наведаюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *