Эканоміць – добрая звычка

У адным з нядаўніх газетных нумароў “ЛВ” расказваў, як адказна і з ініцыятывай у КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” ставяцца да справы эканоміі электра- і цеплаэнергіі. А днямі камунальнікі сталі аўтарамі чарговай энергаэфектыўнай навіны. У мінулы чацвер быў заменены і запушчаны цеплаабменнік на цэнтральным цеплавым пункце па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры, які ўжо забяспечвае гарачай вадой каля тысячы абанентаў – жыхароў вуліц Будаўнікоў, Кальцавой, Фестывальнай, завулка Южакова, а таксама магазін “Шчара” і тутэйшы дзіцячы садок.

Падзея, як перакананы ў камунгасе, зусім не радавая. Па падліках эканамічнай службы Ляхавіцкай ЖКГ, толькі гэтая “абноўка” дазволіць прадпрыемству за год сэканоміць на спажыванні газу каля 187 мільёнаў рублёў. Дарэчы, як расказала намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Алена Ксёнжык, эканоміць пачалі яшчэ падчас мантажу абсталявання: пры ўстаноўцы абышліся ўласнымі сіламі, без прыцягнення старонніх арганізацый, што пакінула ў бюджэце камунгаса немалую розніцу паміж “чужой” і “сваёй” работай – больш за 80 мільёнаў рублёў.

За справу ўзялася брыгада па абслугоўванні цеплавых сетак участка “Аварыйна-тэхнічная служба” (начальнік участка Юрый Дубіна) (на здымку). І хаця першапачаткова планавалася расцягнуць устаноўку на некалькі этапаў, справіліся літаральна за суткі.

Акрамя ўсяго іншага, новае абсталяванне – беларускай вытворчасці, што таксама факт прыемны і немалаважны.

Энергаэфектыўныя тэхналогіі, эканамічнае абсталяванне, своечасовае яго абслугоўванне і мадэрнізацыя – гэта, безумоўна, вельмі важна і дае важкі эфект эканоміі ў межах аднаго ўзятага прадпрыемстыва – камунгаса. А прымножыць гэты эфект у межах раёна, вобласці, краіны – задача агульная, справа кожнага з нас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *