Як прайсці ў бібліятэку

Адкрываем праект «Аптэка для душы» бліц-экскурсам па бібліятэчным маршруце Ляхавіччыны, які праводзіць дырэктар цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы Вольга ПЛЯШЭВІЧ.

Усім у дапамогу

Сетка дзяржаўнай установы культуры «Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» налічвае 26 бібліятэк: цэнтральная, дзіцячая, 23 сельскія, бібліятэка-бібліёбус. Бібліятэка – гэта не толькі кніжныя скарбы, гэта яшчэ і чытачы. У нас іх 15817. І кожны кнігалюб індывідуальны, са сваімі інтарэсамі. Хто наведвае бібліятэку не вельмі часта, а хто рэгулярна. Адны любяць дэтэктывы, а іншыя гістарычныя раманы. Нехта пастаянна чакае навінкі літаратуры, нехта перачытвае ўжо даўно прачытанае… Нехта рыхтуе рэферат, нехта складае крыжаванку. Бібліятэка ўсім у дапамогу.

Увесь час асаблівую «кніжную» атмасферу ў бібліятэцы ствараюць яе супрацоўнікі. Немагчыма ўявіць кніжнае царства без тых, хто нясе людзям самае галоўнае – асвету. Падобна добрым чарадзеям яны кіруюць цэлым светам казак і мараў, падарожжаў і рамантыкі!  Сёння  60 улюбёных у кнігу прафесіяналаў сустракаюць чытачоў у бібліятэках раёна.

Кніжны фонд

Кніжны фонд сістэмы налічвае амаль 400000 экзэмпляраў. З іх каля 250000 – мастацкая літаратура. Мы па падпісцы атрымліваем 117 назваў перыядычных выданняў

(з іх 79 беларускіх часопісаў і 38 газет плюс 28 назваў расійскіх перыядычных выданняў). Фарміруецца кніжны фонд у адпаведнасці з запытамі карыстальнікаў. Ужо больш за 20 гадоў як арганізаваны камерцыйны фонд літаратуры, ён рэгулярна папаўняецца навінкамі. Дзеля камфортнасці і аператыўнасці абслугоўвання з 2013 года вядзенне чытацкага фармуляра ў цэнтральнай бібліятэцы ажыццяўляецца ў аўтаматызаваным рэжыме.

Літаратурная гасцёўня

Яна надзвычай запатрабаваная. Тут ладзяцца сустрэчы з  удзельнікамі клубаў «Лада», «Залаты ўзрост», «Сівізна», «Пошук». Штомесячна на сустрэчу з протаіерэем Георгіем Жытко  прыходзяць нашы землякі. Праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, дыспуты, прэзентацыі, семінары, круглыя сталы. У мінулую сераду, напрыклад, адбыўся круглы стол «У зоне  асаблівай увагі – чытанне». У ім узялі ўдзел сельскія бібліятэкары, настаўніца СШ № 2 Таццяна Бохан, выхавальніца дзіцячага сада № 3 Наталля Шырэй, настаяцелі Падлескага, Дараўскага, Пранчакоўскага храмаў. Размова ішла пра кнігу і яе значэнне ў жыцці падрастаючага пакалення.

Запрашаю землякоў: прыходзьце ў бібліятэку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *