Чытаць!

На пунсовых ветразях мары – о, як жа гэта патрэбна кожнаму! Заўсёды. У любую пару года. У любым узросце. І марыць, і думаць, і ведаць, і любіць нас вучыць надзейны спадарожнік, верны сябар, таленавіты настаўнік, справядлівы суддзя, міласэрны ратавальнік, мудры філосаф, дасведчы гід, шчодры падказчык і… можна працягваць яшчэ і яшчэ гэты пералік вызначэнняў, таму што іх мноства, і таму што гаворка пра кнігу ўвогуле і кнігу беларускую ў прыватнасці.

Назву праекта «Ляхавіцкага весніка» і раённай купалаўкі, якую мы «падгледзелі» ў старажытным Егіпце на шыльдзе перад уваходам у бібліятэку Рамзэса, надзвычай трапна, дакладна і вобразна і, галоўнае, лаканічна вызначае сутнасць кнігі, сутнасць бібліятэк – «Аптэка для душы». І накіраваны гэты праект на тое, каб мода на чытанне ў нас сённяшніх  заняла месца побач з модай на здароўе. Шчаслівы чалавек – здаровы чалавек. І фізічна, і маральна.

Мы плануем  мноства  традыцыйных і арыгінальных пасядзелак, дыспутаў, прэзентацый кніжных навінак, самабытных выстаў, творчых конкурсаў, але адначасова чакаем і слушных падказак-прапаноў ад чытачоў раёнкі і купалаўкі: што і хто ў гэтым кантэксце вас цікавіць ці зацікавіць?
Магчыма, разам мы зможам: «Дачытацца  да зоркі» (цыкл сустрэч і публікацый з творчымі асобамі, спарт-сменамі, літаратарамі…) і адначасова прыцягнуць увагу да добрых кніг, данесці ідэю «Чытаць!» праз прыклады вядомых асоб; пераканаць, што   «Энтузіяст – сімвал часу»; палюбіць «Бібліязмярканні» (акцыя, калі бібліятэкі падаўжаюць сваю працу і, адпаведна, доступ у іх чытачоў да 22 гадзін); убачыць «Свет праз кнігу» і паўдзельнічаць у кірмашы ідэй, паэтычных марафонах; стварыць буклет, няхай і ў адзінкавым экзэмпляры, «50 вядомых землякоў, якія ўслаўляюць сваю маленькую радзіму», а потым папаўняць яго, абнаўляць – няхай і да мнагатомнага рукапіснага выдання…
Шматкроп’е ў канцы папярэдняй фразы азначае, што гэта далёка не ўсё з задуманага. Працяг абавязкова будзе, і будзе ён такім, якім хочаце бачыць яго вы, шаноўныя чытачы.
Галоўнае, каб з кнігай, з той, якая выкладае жыццёвыя каштоўнасці на ўсе часы, якая дапамагае бачыць прыгожае, «не ставіць сваю хату з краю», якая імпульсам, пасылам – жыць, а не проста быць.
Асабіста я вельмі супраць распаўсюджаных сёння аб’ёмам у пару старонак пераказаў сюжэтаў «Вайны і міра», «Злачынства і пакарання», «Палескай хронікі», «Трывожнага шчасця». Ведаць, каб зразумець. Адчуць, каб  зразумець. Зразумець, каб любіць. І якія яшчэ аргументы могуць быць на карысць чытання?! Як сталь гартавалася,  мы (ва ўсякім разе старэйшыя пакаленні), вывучалі. А вось як гартуецца характар, як у душы закладваюцца і культывуюцца якасці і рысы, без якіх чалавек – не чалавек, мы не заўсёды  ведаем, не ўсе акалічнасці ўлічваем і не ўсе магчымасці выкарыстоўваем ці выкарыстоўваем не ў поўнай меры. Гэта, у тым ліку, датычыць  нашых стасункаў з кнігай. А яна – чараўніца. А яна – рэалістка. А яна – канцэнтрат  і ўзвышанага, і зямнога.
Магчыма, нехта скептычна ўсміхнецца, але ж… кніга сапраўды застаецца лепшым падарункам. Назаўсёды. У прагматычныя часы  для гэтых мэт у ход ідуць наборы ручнікоў, посуд, сурвэткі. А я  адкрываю вокладку  двухтомніка «Песнь любви» выдання 1971 года і чытаю напісаныя на ёй маміным почыркам радкі: «Няхай тваё жыццё, дачка, будзе сапраўднай песняй любві»…
Давайце чытаць. Давайце пойдзем у бібліятэку. Няхай душа адчуе прагу чытання, а пальцы – непаўторнасць дотыку да старонак не проста з тэкстам, а з творчасцю.
Вольга БАРАДЗІНА.

2 thoughts on “Чытаць!

  • 10/10/2017 в 09:49
    Permalink

    Буду с нетерпением ждать продолжения проекта. Совмещаю чтение электронных и бумажных книг. Но планшет или телефон не заменит общение с замечательными работниками библиотеки . От них узнаю о книжных новинках, здесь же и свеженькие номера журналов и многое другое. Действительно, библиотека — души аптека

  • 20/10/2017 в 23:12
    Permalink

    Шаноўным аматарам кнігі прапаную наведаць бібліятэку прыватну высокашаноўнага сп. Міхала Бэрната у вёсцы Русіно. Шэсць тысяч кніжак, шыкоўная заля памерам 12х19, вялізны круглы стол, вялікі знаўца гісторыі і гаспадар які вас пачастуе перад тым як прайсці у залю-чытальню абедам. Падарункі у выглядзе кніжак -ўхвальваюцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *