Зыранавы ў інтэр’еры жыцця

Нехта валодае шыкоўна абстаўленымі двух- ці трохузроўневымі асабнякамі, але не мае таго, што называецца ўтульным домам. І не заўсёды штамп аб шлюбе ў пашпарце азначае, што ёсць надзейная сям’я і адчуванне пяшчоты да таго, з кім у цябе агульнае прозвішча. І не ўсякі добра ўладкаваны ў жыцці чалавек выпраменьвае аптымізм – бываюць часам сярод такіх і ныцікі, і скептыкі.

А ў невялікай двухпакаёвай кватэры, што ў доме ля Крывошынскай школы, усё з дакладнасцю да наадварот: тут па-хатняму цёпла і светла, і хочацца пабыць з мілымі дружалюбнымі гаспадарамі, паслухаць іх шчырыя разважанні пра тое, што радуе, натхняе, непакоіць, хвалюе,  пабачыць сапраўднае ўзаемаразуменне, узаемапавагу і цеплыню гэтых вачэй насупраць.

Алег і Галя Зыранавы – даўнія сябры раёнкі. Імі нельга не захапляцца: жыццялюбы, аптымісты, здаецца, яны ўмеюць і паспяваюць усё. А “ўсё” на дваіх уключае ў сябе, акрамя звычайных спраў,  спорт, літаратуру, этнаграфію, танцы, спевы, вывучэнне гісторыі, майстраванне мэблі і многае іншае. Прычым  за гэтым і ў гэтым – творчасць. І так хочацца дадаць: прага не проста быць – жыць. Што яны і робяць. На радасць блізкім і сябрам. І калі камусьці на зайздрасць,  то, спадзяюся, на добрую. Магчыма і хутчэй за ўсё, ні Галя ні Алег і не думаюць пра  гэта — але адухоўленасць іх слоў і спраў, агучаных думак і меркаванняў непадробныя. Ніякай штучнасці. Ніякага пафасу. І ад гэтага так хораша на сэрцы.

Галя ўсё такая ж шчабятуха, якой, на шчасце, не развучылася быць. У Крывошынскай СШ, якую калісьці скончыла, працуе кіраўніком лінгвістычна-краязнаўчага гуртка і ў школьным музеі. Размаўляе выключна на беларускай мове – прыгожа, без усялякіх намаганняў. І немагчыма ў чарговы раз не адзначыць: якое ж яно, наша роднае слова,  непаўторнае і выразнае. Само сабой просіцца пытанне наконт любімага пісьменніка. Звычайна на яго адказваюць з цяжкасцю, таму што любімых аўтараў шмат. А Галя Зыранава і тут здзівіла.

— Не так даўно     адкрыла для сябе творчасць Янкі Сіпакова. Хто хоча акрыяць душою, таму яго творы дапамогуць, – яна не хавае захаплення. І  расказвае, як завочна нават спрачалася з любімым пісьменнікам, маўляў, ну што ты, Іван Данілавіч, знайшоў у гэтай Франсуазе Саган, якую расхвальваеш. Яна ж такая песімістка!..

А да “адкрыцця” Сіпакова была Ніна Мацяш і яе “Паміж усмешкай і слязой”. І, канечне ж, Караткевіч (“Калі хочацца паплакаць, трэба раскрыць яго сентыментальны раман “Нельга забыць”, – гэта перакананне-парада ад Галіны). І Таісія Бондар. Зусім нядаўна адкрыла для сябе паэта Алеся Каско. Галя і Алег пазнаёміліся з ім сёлета ў Ганцавічах на святкаванні Дня беларускага пісьменства.

—        Як прысела за Каско, – вось жа яна – мова! – не хавае захаплення мілая субяседніца.

Яе можна слухаць бясконца. Таму што шчырая, таму што             нераўнадушная, таму што здзіўляе і ўражвае эрудыцыяй. А ці ўсе ведаюць, што Галя стала гераіняй фільма, які зняў яе зямляк, тады пачынаючы рэжысёр Аляксандр Жук? Гэта была яго дыпломная работа, і “Галінку” паглядзелі многія ляхавічане. Шчымлівы, вельмі душэўны расказ пра светлую, таленавітую і моцную дзяўчыну.

Таленавіты чалавек, сапраўды, таленавіты ва ўсім.

2002 г. Галя заняла першае месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па… цяжкай атлетыцы.

2004 г. Стала першай на чэмпіянаце Беларусі па спартыўных танцах.

2008 г. Сярод трох дыпломаў адзін прывезла з рэспубліканскага фестывалю творчасці інвалідаў у намінацыі “Народны вакал”.

2009 г. Галіна была ўдзельніцай міжнароднага фестывалю “Зорка надзеі” ў Санкт-Пецяр-бургу і таксама стала дыпламанткай.

Гэта толькі некалькі радкоў з яе багатай на творчасць біяграфіі, якія пацвярджаюць і таленавітасць, і сілу духу, і жыццялюбства Галі, Галінкі, Галіны Фёдараўны.

У яе ёсць Алег. У Алега ёсць яна. І гэтым усё сказана. Днямі яны сустракалі гасцей – як і ўсё, што робяць, шчыра і радасна. А завітаў да іх старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. Каб на свае вочы пераканацца ва ўмовах, у якіх жыве сям’я Зыранавых, пацікавіцца іх праблемамі і, калі трэба, падключыцца да вырашэння. Дзмітрый Міхайлавіч перадаў гаспадарам матэрыяльную дапамогу, якую райвыканкам аказаў ім для заканчэння рамонту ў кватэры. Не з пустымі рукамі прыехала і намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіна Трысцень – з матэрыяльнай дапамогай таксама.

Якой жа прыемнай была ўвага раённай улады, якой дарэчнай – падтрымка, якой шчырай – радасць маладых гаспадароў. Прызнаюся, у Зыранавых немагчыма не атрымаць станоўчых эмоцый. Галя і Алег адзін аднаго вартыя. Яе таленты дапаўняюцца  не меншымі Алегавымі. Практычна ўся  мэбля ў кватэры зроблена яго майстравымі рукамі.

– Эксклюзіў, прычым не толькі прыгожы, але і функцыянальны, зручны, – з гонарам за мужа вызначыла  яго работу Галя. Ён і лінолеум сам на падлогу паслаў, навясныя шафы, стол, камод, ложак зрабіў, шпалеры паклеіў. І ўсё гэта адмыслова – не прыдрацца. І пандус да веранды  – таксама Алегава работа. А яшчэ ён, як высветлілася, не проста спартыўны чалавек – масціты спартсмен. Дыпломы за перамогі ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах і чэмпіянатах па гіравым спорце, штурханні ядра, тэнісе, валейболе, якіх удастоены Алег Зыранаў, упрыгожваюць сцены ў нішы пакоя, дзе аформлены сямейны спартыўны куток. Алег выступае і ў асабістым заліку, і ў складзе зборнай каманды Брэсцкай вобласці.

Мілыя людзі. Сучасныя, таленавітыя, прыгожыя, годныя.

— Калі трэба каму зарадзіцца аптымізмам ці паразмаўляць па-беларуску на цікавую тэму, калі ласка, заўсёды буду рада! – гасцінна прапаноўвае Галя. Алег згодна ківае. І ў гэтым яны ўсе.

…Калі не можаш змяніць абставіны, змяні свае адносіны да іх. Колькі сіл, маральных і фізічных, для гэтага трэба, Зыранавы ведаюць дакладна. Алег зрабіў для сябе і сваёй Галінкі  пандус да іх дома. У нашым грамадстве наогул ствараецца безбар’ернае асяроддзе – з клопатам пра ”калясачнікаў”, якім шматразова больш складана рабіць многае з таго, што ў іншых атрымліваецца без намаганняў.

…Менавіта Галіна Зыранава вылучана раённай арганізацыяй “Беларускі саюз жанчын” на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года”.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *