Ад ганца да e-mail. Разам з калегамі Сусветны дзень пошты адзначылі ветэраны паштовай сувязі Ляхавіцкага раёна

Мы не задумваемся, што многія звыклыя рэчы, без якіх цяжка ўявіць сённяшняе жыццё, маюць сваю гісторыю, іншы раз векавую. Яшчэ ў IX стагоддзі  на тэрыторыі сучаснай Беларусі ганцы разносілі пісьмовыя і вусныя паведамленні, указы ў розныя населеныя пункты. Рэгулярная паштовая служба створана ў лістападзе 1649 года. Карэспандэнцыя дастаўлялася тыднямі і нават месяцамі  (у асноўным на  запрэжаных у вазок конях). Уяўляеце?!

Кожны чалавек  карыстаецца тымі ці іншымі паштовымі паслугамі.  Адправіць пісьмо, паштоўку, пасылку ці  грашовы перавод,  аформіць падпісны абанемент на газеты, часопісы – калі ласка, зазірніце ў аддзяленне сувязі ці звярніцеся да паштальёнаў. Да гэтых традыцыйных паслуг апошнім часам дабавілася нямала новых – аплата камунальных паслуг, крэдытаў, набыццё спадарожных тавараў,  заказ рознай прадукцыі ў інтэрнэт-магазінах і шмат чаго іншага.
Як бы ні мяняліся тэхналогіі, па-ранейшаму галоўныя дзеючыя асобы  надзейнай сувязі – паштовыя работнікі – адказныя,  уважлівыя, добразычлівыя,  кампетэнтныя. Многія з тых, хто ў мінулым стагоддзі  служыў паштавіком, даўно на заслужаным адпачынку. Але пра іх успамінаюць, запрашаюць на сустрэчы сённяшнія калегі, вітаюцца на вуліцы былыя адпраўшчыкі і атрымальнікі карэспандэнцыі. Вось  некаторыя паштовыя гісторыі ў асобах.
І сёння на сувязі
1 ліпеня 1976 года Ляхавіцкі раённы вузел сувязі (да 1996 года электрасувязь і паштовая былі адным цэлым) узначаліў Сцяпан Цяльпук. І да гэтага яго працоўная біяграфія была звязана толькі з паштовай службай. Але ляхавіцкая  частка самая ўнушальная і доўгатэрміновая – 27 гадоў.
– У 70-90-я гады мінулага стагоддзя ў нашым раёне было 23 аддзяленні сувязі, дзе працавала больш за 300 работнікаў. У населеным пункце з колькасцю жыхароў не менш за  паўтысячы абавязкова павінны былі дзейнічаць пошта і электрасувязь. Самым вялікім і па тэрыторыі абслугоўвання, і па  тавараабароце – былі Крывошынскае, Ліпскае, Падлескае, Жарабковіцкае аддзяленні. У Савейках тады размяшчаўся вельмі папулярны санаторый, аздараўляцца прыязджалі з усяго СССР. Летам і восенню  адпачываючыя адпраўлялі дамоў пасылкі з  яблыкамі з савейкаўскага саду, – дзеліцца ўспамінамі Сцяпан Васільевіч.
Былы кіраўнік паштовай сувязі з гонарам расказвае, што калектыў сувязістаў быў вялікі і дружны.  Кожны стараўся на сваім участку: прымалі і адпраўлялі пасылкі, тэлеграмы, пісьмы, паштоўкі, выдавалі пенсіі, падпісвалі газеты, часопісы. Не адной работай жылі людзі.  Разам адпачывалі, сустракалі святы, дзяліліся асабістымі праблемамі і радасцямі.
Сцяпан Цяльпук  зазначае, што цяпер хутка можна перадаць паведамленне з дапамогай электроннай пошты, але ўсё наколькі прыемней – адкрыць канверт і прачытаць напісанае знаёмым почыркам  пісьмо…
За дзесяцігоддзі многае змянялася, паштовая работа станавілася больш механізаванай, у якасці транспарту ў паштальёнаў з’явіліся веласіпеды.Потым настаў час камп’ютарызацыі.  Работу ляхавіцкіх паштавікоў і электрасувязістаў заўсёды вызначаў прафесіяналізм.  У калектыве раўняліся на  начальнікаў Ліпскага АПС Віктара Дыдышку,Тухавіцкага – Марыю Гаўрыльчык, участкаў электрасувязі  – Браніслава Хвайніцкага і Івана Коктыша, цэха электрасувязі – Вячаслава Мітрушкіна, паштальёнаў Таісію Стэльмацкую, Марыю Гаўрыльчык, аператара Алу Русін і іншых. Многіх з тых, хто сёння працуе ў паштовых падраздзяленнях, Сцяпан Цяльпук прымаў на работу. Гарадскі паштальён Галіна Марцінкевіч – адна з іх. І Цельпукі – сям’я сувязістаў. Жонка Сцяпана Васільевіча, Зінаіда Леанідаўна, працавала аператарам паштовай сувязі па якасці, дачка  Тамара – тэлеграфісткай.
– Прыемна, што не забываюць былыя калегі. Заўсёды віншуюць са святамі, аказваюць матэрыяльную дапамогу.  Летась, калі святкаваў свой 80-гадовы юбілей, прыязджала павіншаваць мяне                        дырэктар Брэсцкага філіяла Белпошты Валянціна Пух. Увагай і клопатам я не абдзелены, – з настроем гаворыць Сцяпан Васільевіч.
Па пасылках вучыла   замежную мову
1951 год. Ляхавічы. На мясцовую пошту, будынак якой знаходзіўся на вуліцы Савецкай, уладкоўваецца на працу 23-гадовая Яніна Цвірко. Спачатку яна разносіла тэлеграмы. Колішні начальнік пошты  Валянціна Тупіца заўважыла адказную і дысцыплінаваную работніцу і ў хуткім часе прапанавала павысіць кваліфікацыю  на курсах у Баранавічах. Так яна з разносчыцы вывучылася на аператара паштовай     сувязі. Амаль 35 гадоў доўжыўся паштовы раман Яніны Антонаўны, і ў асноўным  яго падзеі разгортваліся  ў аддзеле атрымання і адпраўлення пасылак.
– Работа была ў прамым сэнсе цяжкая: за дзень з напарніцай  Ганнай Карпік прымалі-адпраўлялі  600-700 пасылак, бандэроляў, пераводаў. Прычым, адрасы не толькі па Савецкім Саюзе, шмат прыходзілася і на іншыя краіны – ЗША, Польшча,  Італія, Аўстрыя, Венгрыя… Геаграфію і замежныя мовы па адпраўленнях вучылі. Адрасаты сваякам адпраўлялі падарункі, падлеткі абменьваліся  сувенірамі і паштоўкамі з замежнымі  равеснікамі. Шмат пасылак і пераводаў паступала з дому салдацікам, якія служылі ў часцях ля нашага райцэнтра, – расказвае  ветэран паштовай сувязі.
Дочкі і сын Яніны Антоноўны з дзяцінства ведалі: цяжкая ў мамы работа, прыбягалі дапамагаць. Тара для пасылак – не параўнаць з сённяшняй.  Фанерныя скрыні неабходна было ў некалькіх месцах абвязаць вяроўкай, заляпіць сургучом і ўсе перанесці ў машыну.  Гэта  потым, калі пошта пераехала ў новы будынак на плошчу Леніна, з’явіўся транспарцёр, па якім пасылкі грузіліся ў транспарт.
Як усе  тагачасныя паштавікі, Яніна Цвірко атрымлівала заданні па распаўсюджванні канвертаў, паштовак. Актыўна займалася падпіскай на перыядычныя выданні. Успамінае, як абходзілі-аб’язджалі вялікія і малыя вёскі раёна:
– Тады людзі значна больш і ахвотней падпісваліся на розныя выданні. «Правда», «Труд», «Известия», «Пионерская правда», «Знамя юности» былі найбольш папулярнымі, а яшчэ часопісы «Вожык», «Работніца і сялянка», «Мурзилка». Але бясспрэчны    лідар – «Будаўнік камунізму».  У нашай сям’і заўжды паважалі раёнку.
З цеплынёй і павагай Яніна Антонаўна ўспамінае былога начальніка РВС Тадэвуша Коктыша: сур’ёзны, патрабавальны, але надзвычай добразычлівы і спагадлівы чалавек. Лічыць, што ёй пашанцавала з калегамі. У розныя часы  на раённым вузле сувязі працавалі  касір Вольга Беляновіч, паштальёны Марыя Трыбухоўская, Вікторыя Сліва, прыёмшчыцы Ганна Старавойтава, Браніслава Бяліцкая, кантралёр-рэвізор Яўгеній Булаты.
Сёлета ў чэрвені Яніна Цвірко адзначыла свой 89-ы дзень нара-джэння, як і папярэднія, у цёплым акружэнні любімай сям’і – дачок, трох унукаў і чатырох праўнукаў.
Адным са складнікаў шчасця Яніна Антонаўна называе любімую работу.  Красамоўны факт: пенсіянерка Яніна Цвірко па-ранейшаму – член прафсаюзнай арганізацыі паштавікоў.
З сумкай праз плячо
Расклаўшы па трох сумках газеты, часопісы, пісьмы, паштоўкі, асобна – грошы на выплату пенсій, спяшалася паштальён да адрасатаў. Вуліцы Леніна, Чкалава, Савецкая, Жданава (сённяшняя Цітовіча) у райцэнтры – па такім звыклым маршруце, пачынаючы з 1967-га, 13 гадоў запар разносіла карэспандэнцыю Аляксандра Лойка. Акрамя дамоў і кватэр, прыносіла перыёдыку і пісьмы ў саўгас-тэхнікум, райспажыўсаюз, Дом культуры, іншыя арганізацыі.  Яе ўсюды чакалі, сустракалі як добрую знаёмую. А  яна ганарылася, што дастаўляе людзям чаканыя імгненні.
–  Рукі напрыканцы рабочага дня вельмі балелі – не жартачкі з поўнымі сумкамі пешшу прайсці не адзін кіламетр. Паціху прывыкла. Затое радавалася, калі, хтосьці  атрымліваў доўгачаканае пісьмо ці віншавальную паштоўку. Аднойчы  мне дапамагаў паднесці паштовую сумку колішні рэдактар «Будаўніка камунізму» Вікенцій Шталь. І ён, мужчына, яе ледзьве падняў. А потым у раёнцы напісаў артыкул пра нашу работу. Так я стала знакамітай на ўвесь раён, – расказвае былы паштальён.
На дзвюх старонках працоўнай кніжкі Аляксандры Лявонцьеўны каля дзясятка запісаў: «Аб’яўлена падзяка», «Выплачана прэмія».  Сама жанчына лічыць, усё атрымлівалася, дзякуючы і той атмасферы, якая панавала ў іх зладжанай брыгадзе паштальёнаў: сартавалі разам, дапамагалі адзін аднаму.
– Марыя Бубенчык, Любоў Маліхтаровіч, Галіна Грамак, Мая Гудзіноўская, Галіна Захарава – мы былі адной камандай, гарадской паштовай. Сярод паштальёнаў у асноўным жанчыны, хаця без выключэнняў не абыходзілася. Напрыклад, Леанід Садоўскі і  Міхаіл Біза. Толькі добрымі словамі ўспамінаю і нашага брыгадзіра Яўгенія Булатага, – расказвае пра    былых калег  Аляксандра Лойка.
Пасля раённага вузла сувязі яна працавала ў  Доме быту, на кансервавым і малочным заводах, але заўсёды  з  пяшчотай і спагадай праводзіць позіркам чалавека з паштовай сумкай праз   плячо – нібы напамін пра той час, калі была маладой і здаровай сама разносіла па сваім участку пісьмы, газеты, часопісы.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *