Апаратны панядзелак

Канцэпт апошняй апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама мог бы мець кароткае гучанне: восень. У прамой залежнасці з гэтай парой года і некаторыя з узнятых падчас пасяджэння пытанняў.
Цяпло. На той момант многія завязаныя на цэнтральныя сеткі памяшканні горада і раёна ўжо атрымалі першыя ў сезоне калорыі цяпла. Лячэбныя і дзіцячыя ўстановы ў прыярытэтным парадку, жылы фонд горада і раёна. Дзень-некалькі часу, і штучнае цяпло канчаткова «паселіцца» ў вытворчых і адміністрацыйных памяшканнях. Сказанае зусім не азначае, што ўсе аб’екты і суб’екты раёна абсалютна гатовы супрацьстаяць халадам. Каб і функцыянальна, і тэхналагічна, і, што на першым месцы па ступені значнасці, гарантавана бяспечна для ўсіх. Між тым, па інфармацыі начальніка РАНС Валерыя Равінскага, праведзеныя супрацоўнікамі аддзела праверкі выявілі ў шэрагу гаспадарак парушэнні супрацьпажарных правіл. Самы жорсткі падыход павінен быць да парушальнікаў. Такім, па меркаванні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, павінен быць алгарытм дзеянняў у дачыненні не самых адказных адказных асоб.
Дарогі. Да іх і ў насельніцтва, і ў кіраўніцтва раёна шмат прэтэнзій. Асабліва да мясцовых – як асфальтавых, так і гравійных. Многія з першых – у суцэльных ямах-язвах, на другіх, апроч іншага, паспела пакінуць адбітак восень і яе дажджы. Вам заданне, дарожнікі!
Ураджай. Большасць ураджайных пазіцый аграрыі раёна ўжо закрылі – у адпаведнасці ці блізка з тэхналагічнымі тэрмінамі ўборкі. Як напружаную, і гэта мяккая фарму-ліроўка, апаратная нарада бачыць сітуацыю з уборкай бульбы ў райаграсэрвісе. Як паскорыць копку другога хлеба ў канкрэтнай гаспадарцы? Адказ на гэта пытанне павінна была даць нарада раённага аграрнага штаба, якую старшыня райвыканкама назначыў літаральна праз гадзіну пасля апаратнай.
Яшчэ раз пра райаграсэрвіс у тандэме з тэрытарыяльна завязаным на яго Альхоўскім сельсаветам. Сутнасць у тым, што далёка не ўсе гаспадары-ўладальнікі кароў могуць быць спакойныя за пракорм сваёй жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд. Кансалідавацца ў вырашэнні гэтай задачы павінны і абавязаны названыя арганізацыя і тэрыторыя. І ў самы бліжэйшы час.
Другасная сыравіна. Пытанне адносна нарыхтоўкі паперы-шкла-пластыку і ім падобнай другаснай сыравіны, здаецца, у топе найбольш часта ўздымаемых. Справа, аднак, высокімі тэмпамі не характарызуецца. За 9 месяцаў раён не справіўся і з паловай атрыманага задання. Далучымся да праграмы збору, землякі!
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *