Дзякуй за цяпло. Лепшыя работнікі ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» адзначаны ўзнагародамі за надзейнае забеспячэнне спажыўцоў палівам

Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько (у цэнтры), старшыня прафкама Наталля Бабарэка, вадзіцель Аляксандр Алексіч, токар Аляксандр Вдоўкін, машыніст Леанід Грыцкевіч (злева направа).

Ураджайнай на ўзнагароды стала гэта восень для працаўнікоў торфабрыкетнага завода «Ляхавіцкі». У  тым ліку ад іх  добрасумленнай і адказнай працы, прафесіяналізму ў многім залежыць, як пройдзе ацяпляльны сезон.  Яны шчыруюць на торфараспрацоўках,  вырабляюць з атрыманай сыравіны запатрабаваную не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі прадукцыю. На прадпрыемстве склаўся дружны калектыў, кожны на сваім участку профі. З павагай ставяцца да ветэранаў працы, клапатліва прымаюць у  заводскую сям’ю маладыя кадры. Тут радуюцца за поспехі калег.  А асабістыя ўзнагароды, бясспрэчна, дапаўняюць агульназаводскую  скарбонку.  Нядаўна зноў ад душы віншавалі сваіх землякоў з заслужанымі адзнакамі.

За надзейнае забеспячэнне спажыўцоў краіны газавым і тарфяным палівам падзяку міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь атрымалі дырэктар завода Уладзімір Гунько, машыніст па здабычы  і перапрацоўцы фрэзернага торфу Леанід Грыцкевіч.  Ганаровая грамата вытворчага аб’яднання «Белпаліўгаз» уручана токару Аляксандру Вдоўкіну, а падзяка адрасавана  вадзіцелю пагрузчыка транспартнага цэха Аляксандру Алексічу. Галоўны інжынер завода Канстанцін Сіліцкі ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.
Усе гэтыя ўзнагароды былі ўручаны завадчанам з найлепшымі пажаданнямі і ўдзячнасцю за высокі прафесіяналізм падчас свята вёскі Тухавічы.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота з архіва ТБЗ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *