Не трэба!

Тэст на цяжарнасць аказаўся станоўчым. Урач пацвердзіў: жанчына чакае дзіця. Для абсалютнай большасці гэта радасць і жаданая падзея. Для некаторых —непатрэбная нечаканасць, ад якой жанчына вырашае пазбавіцца штучным перарываннем цяжарнасці. Нягледзячы  на шматлікія папярэджанні, тлумачэнні магчымых ускладненняў — аж да верагоднасці назаўжды ў далейшым пазбавіць сябе шчасця мацярынства — колькасць афіцыйных абортаў катастрафічна расце. Нават пры тым, што і заўзятыя атэісткі, няхай падсвядома, але лічаць гэтую працэдуру грахом і перажываюць пакуты сумлення і адчуванне віны…

Давайце яшчэ раз пагаворым на гэтую далікатную тэму. Штучнае перарыванне цяжарнасці можа стаць прычынай інфекцыйнага ўскладнення. За-страхавацца ад гэтага немагчыма. Заражэнне можа прывесці як да мясцовага запалення слізістай маткі — эндаметрыту, так і да агульнага заражэння крыві — сепсісу. І калі ва ўмовах стацыянара такое ўскладненне хаця з цяжкасцю, але лечыцца, то тыя, хто рашыўся на «падпольны» варыянт, практычна не маюць шанцаў выжыць.

Штучнае перарыванне цяжарнасці ў далейшым можа праявіцца бясплоднасцю. Аборт заўсёды суправаджаецца мясцовым запаленнем,  якое можа працякаць без павышэння тэмпературы і іншых прыкмет інфекцыі.  Запаленне можа парушыць праходнасць труб аж да поўнага іх зарашчэння, што і выклікае бясплоднасць. А пры няпоўным іх зарашчэнні не выключана па-гроза пазаматачнай цяжарнасці. Гэта грознае ўскладненне, пры якім патрабуецца экстраная аперацыя. Пасля яе з-за выдалення адной з труб надзвычай ускладняецца наступленне паўторнай цяжарнасці. А яшчэ часта         немагчымасць спыніць крывацёк прыводзіць да ампутацыі маткі — тут ужо гаварыць пра цяжарнасць у далейшым няма сэнсу.

Шкода аборту можа праявіцца цяжкімі гарманальнымі збоямі. Арганізм жанчыны перабудоўваецца на цяжарнасць некалькі тыдняў. А пры штучным яе перарыванні ён адчувае мацнейшы гарманальны і агульны стрэс. Як вынік  — збоі нават у агульнай сістэме органаў унутранай сакрэцыі, дысфункцыі.

Пры штучным перарыванні цяжарнасці не выключаны і такія ўскладненні як пакінуты ў матцы  кусочак зародкавай тканкі, перфарацыя маткі і іншыя. Усе яны не лепшым чынам у далейшым адбіваюцца на здароўі жанчыны. А самае галоўнае тое, што ў сям’і не з’явіцца маленькі чалавечак, які мог з’явіцца і стаць цэнтрам сусвету для мамы і таты.

…Тэст на цяжарнасць аказаўся станоўчым. Будзьце разважлівымі і разумнымі — не рызыкуйце ні сваім жыццём, ні жыццём вашага будучага дзіцяці. Не трэба!

Таццяна УСЦЮШКОВА, урач-валеолаг

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *