Звяртайцеся. Вас пачуюць!

Звароты грамадзян, што паступаюць у сродкі масавай інфармацыі, дапамагаюць не толькі вырашаць канкрэтныя праблемы землякоў, але і дазваляюць газетчыкам пастаянна трымаць руку, што называецца, на пульсе жыцця, быць у курсе таго, што адбываецца ў рэгіёне і якімі клопатамі і радасцямі  жывуць гараджане і вяскоўцы. Гэты і многія іншыя аспекты важнай тэмы прадстаўнікі СМІ Брэстчыны абмяркоўвалі падчас семінара-практыкума «Работа са зваротамі грамадзян у сродках масавай інфармацыі», што праходзіў у Івацэвічах. Арганізатарамі семінара выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласная арганізацыя Беларускага саюза журналістаў, Івацэвіцкі райвыканкам і раённая газета «Івацэвіцкі веснік».

Журналісты азнаёміліся з тым, як пастаўлена работа са зваротамі ў ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ». Наведванне дыспетчарскай службы прадпрыемства, куды, у першую чаргу, і трапляюць заявы, скаргі і прапановы грамадзян, было тым больш цікавым, што па статыстыцы менавіта пытанні камунальнай тэматыкі складаюць пераважную частку зваротаў, у тым ліку і на гарачыя лініі, сайты, электронную пошту газет і тэлевізійных СМІ. На шматлікія пытанні ўдзельнікаў семінара адказаў намеснік генеральнага дырэктара камунгаса па вытворчасці Уладзімір Бурдзь. Падчас сустрэчы ішла размова пра ўзаемадзеянне камунальных службаў са сродкамі масавай інфармацыі ў вырашэнні зваротаў заяўнікаў.
Цікавым і змястоўным атрымалася знаёмства з работай Івацэвіцкага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Такія падраздзяленні сацыяльнай службы ёсць у кожным раёне, тым не менш госці з інтарэсам паслухалі кіраўніка ТЦСАН Дзяніса Пакалюка і іншых супрацоўнікаў цэнтра, якія падзяліліся найбольш значнымі і арыгінальнымі напрацоўкамі ў рабоце з насельніцтвам, у тым ліку што датычыць вырашэння зваротаў.
Адзін з падапечных Івацэвіцкага ТЦСАН – мясцовы паэт, празаік і мастак Анатоль Галушка. Колішняя сур’ёзная траўма пазваночніка пазбавіла яго магчымасці рухацца без інваліднай каляскі. Але абмежаваныя фізічныя магчымасці не перашкаджаюць яму ствараць: цудоўныя карціны выходзяць з-пад пэндзля, што мастак трымае зубамі. А кніга «Яблычны Спас» нядаўна прынесла Анатолю Галушку літаратурную прэмію Брэсцкага аблвыканкама імя У.А. Калесніка. Па аб’ектыўных прычынах Анатоль Мікалаевіч не змог прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання ў Брэсце, таму гэту прыемную па-дзею перанеслі па месцы жыхарства паэта. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ дыплом лаўрэата таленавітаму аўтару ўручыў  першы намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Вадзім Ляўковіч (на здымку).
На пленарным пасяджэнні ў Івацэвіцкім райвыканкаме галоўны рэдактар абласной газеты «Заря», старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Аляксандр Лагвіновіч запрасіў калег падзяліцца меркаваннямі, вопытам работы, задаць хвалюючыя пытанні службовым асобам на тэму работы са зваротамі. Многія скарысталіся магчымасцю атрымаць кампетэнтны адказ начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Брэсцкага гарвыканкама Ірыны Мокат, якая нагадала  пра навацыі заканадаўства ў гэтай галіне.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Галіна Мазіна прааналізавала стан работы са зваротамі ў СМІ вобласці, падкрэсліўшы: працаваць ёсць над чым. А ад таго, наколькі актыўна газета імкнецца дапамагчы сваім чытачам, залежыць ступень даверу да яе.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *