Вуліца Пушкіна дачакалася камунальнікаў?

Даволі распаўсюджаная тэма зваротаў нашых землякоў у розныя інстанцыі – дарожная. Вось і званок ляхавічанкі Раісы Дуброўка на прамую лінію, якую праводзіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык, датычыў стану дарожнага пакрыцця вуліцы Пушкіна ў райцэнтры: чаму іншыя вуліцы прыводзяцца ў парадак, а гэта застаецца  ў ямах? Да таго ж  па ёй нязручна рухацца, зрэшты, і выгляд адпаведны. Гэтыя пытанні, па словах жанчыны, жыхары вуліцы задавалі кіраўніцтву камунгаса, але праблема не вырашана.
Затое цяпер ёсць канкрэтная дата, да якой жылкамунгас выканае тут ямачны рамонт. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ад дырэктара ЖКГ Аляксандра Мядзвецкага прадпрыняць усе неабходныя меры для ўхілення парушэнняў дарожнага пакрыцця на ляхавіцкай вуліцы Пушкіна. Іншымі словамі, зрабіць на ёй ямачны рамонт. Тэрмін выканання – 20 кастрычніка.
Дарэчы, менавіта кастрычнік названы месяцам добраўпарадкавання ў нашым раёне. І паклапаціцца пра больш-менш прымальны стан вуліц, у тым ліку і Пушкіна, вельмі дарэчы. А восеньскае надвор’е ў пэўным сэнсе праэкзаменуе, наколькі якасна ўсё зроблена. Такі незалежны «аўдыт» чакае многія аб’екты, многія адрасы на тэрыторыі райцэнтра, аграгарадкоў і вёсак Ляхавіччыны.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *