Даступны для кожнага спорт

Выкарыстана ілюстрацыяНекалькі дзён назад у сценах мясцовай ДЮСШ адбыўся семінар па пытаннях развіцця спорту ў раёне. У асноўным размова вялася вакол  праблем і перспектыў фізкультурна-спартыўнага руху на Ляхавіччыне ў рамках ініцыятывы «Даступны спорт для кожнага». Ініцыятыва дзейнічае ў рамках запушчанага Еўрасаюзам праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні», а яе матэрыялізацыяй на нашай тэрыторыі займаюцца міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Экапраект» сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Мэты і задачы пачынання шырокія і канкрэтныя: далучэнне розных слаёў і груп насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, павышэнне кампетэнцый выкладчыкаў ДЮСШ па правядзенні заняткаў па стрыт-воркаўце, у тым ліку для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, стварэнне інфраструктуры для развіцця руху  «Стрыт-воркаўт» у Ляхавічах. Вулічная трэніроўка, вось што ў блізкім перакладзе на родную мову азначаюць два гэтыя англійскія словы. Краінай-піянерам руху прынята лічыць ЗША. Але за прыкладна дзесяцігоддзе з моманту выхаду на арэну, найбольшае распаўсюджанне воркаўт атрымаў на ўсходзе Еўропы і ў краінах былой савецкай прасторы. Працэс гэты можна апісаць правілам геаметрычнай прагрэсіі – у такой ступені імклівым з пункту гледжання заваявання новых прыхільнікаў. Для таго, каб адчуць сябе воркаўтарам, неабходна мець пад рукой самыя простыя гімнастычныя прылады. Добравядомая класіка: турнік, брусы, шведская сценка, кольцы, «рукаход»… А пры адсутнасці пералічанага для настойлівых, непераборлівых, знаходлівых заўзятараў у якасці трэнажора можа выступіць пара-тройка квадратаў мясцовасці. Як роўнай, так і з натуральнага паходжання ўскладненнямі. Гэтага дастаткова, каб прыняць упор лежачы і выканаць пару дзясяткаў адцісканняў, папрацаваць над прэсам. А гэта адны з не вельмі ўжо і шматлікіх базавых практыкаванняў, прынцып якіх і працуе ў сітуацыі з вулічнай трэніроўкай. Пры гэтым межы і магчымасці вельмі шырокія і абмяжоўваюцца хіба толькі фантазіяй і магчымасцямі воркаўтара, які любое базавае практыкаванне вольны інтэрпрэтаваць пад сябе. Ёсць сілавікі, іншыя практыкуюць больш відовішчны дынамічна-акрабатычны воркаўт. Некаторыя дастаткова пад-рыхтаваныя атлеты падчас трэніроўкі абцяжарваюць сябе дадатковымі – «жалезнымі» – кілаграмамі. Але класіка – гэта комплекс практыкаванняў, заснаваных на пераадольванні супраціўлення кілаграмаў уласнага цела. Прасцейшыя прыстасаванні зараз разглядаюцца ў якасці вельмі і вельмі бюджэтнага воркаўта. На змену прыйшлі прыгожыя, маляўнічыя розных памераў і з рознай колькасцю трэнажораў воркаўт-пляцоўкі. Там усё, у тым ліку і з пункту гледжання бяспекі, прадумана.  Падобнага кшталту аб’ект хутка з’явіцца ў Ляхавічах. Па меншай меры, гэта было яшчэ раз прадэкларавана ў ходзе семінара. Па першапачатковым плане такая пляцоўка павінна ўжо была ўпрыгожваць адзін з куточкаў тэрыторыі ляхавіцкага «Коласа». Абставіны адцягнулі тэрміны матэрыялізацыі аб’екта, шчыльная работа над якім толькі пачынаецца. Але, як паведаміў прадстаўнік МГА «Экапраект» Максім Рэут, да канца года пляцоўка з’явіцца. Якім ён будзе – выгляд і функцыянал ляхавіцкай воркаўт-пляцоўкі? Гэта прамавугольнік 10 на 12 метраў. Унутры перыметра – чатыры трэнажорныя комплексы. Адзін з іх адаптаваны спецыяльна для заняткаў людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Для апошніх, дарэчы, прадугледжана фарміраванне безбар’ернага асяроддзя – пачынаючы ад размешчанай непадалёку аўтапаркоўкі і да канчатковага пункта. Каб ніякіх перашкод для заняткаў дарослых, дзяцей, людзей з інваліднасцю. У гэтым і заключаецца асноўны канцэпт – даступны спорт для кожнага. Пляцоўка будзе мець спецыяльнае спартыўнае пакрыццё, знойдзецца месца для размяшчэння раздруковак з рэкамендацыямі для тых, хто займаецца. Не спартыўны, але важны, патрэбны, экалагічна-эканамічны дадатак да праекта – устаноўка непадалёку кантэйнераў для паасобнага збору бытавых адходаў.Узвядзенне трэнажорнага гарадка абыдзецца ў 22 348 еўра. З іх 2 658 рублёў – сумесны ўзнос аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і ДРБУ-200. Астатняе – інвестыцыі Еўрасаюза. Воркаўт – гэта не спорт, для якога важным з’яўляецца хутчэй, вышэй, больш, лепш. Гэта здароўе, сіла мускулаў, прыгажосць цела. Хочаце бачыць сябе такім – працуйце.

Іван КАВАЛЕНКА.

One thought on “Даступны для кожнага спорт

  • 18/10/2017 в 12:25
    Permalink

    Задумка добрая. Так сказаць, у самую тэму. Тым больш і безбар’ернае асяроддзе прадумана. Пажывем-пабачым, як яна пойдзе ў жыццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *