Калыханка для мамы. У Ляхавічах цёпла і сардэчна віншавалі мам (фота new)

Старшыня раённага Савета дэпутаў Яўгеній Юрлевіч уручыў ордэн Маці Кацярыне Гарыбян

Мінулая субота, нягледзячы на не самае святочнае надвор’е, усё ж  была вельмі цёплай, неверагодна светлай і сонечнай. Ад шчырых слоў і віншаванняў, падзякі самым родным – нашым мамам – гэты кастрычніцкі дзень стаў яркім і запамінальным.

У пятніцу ў гарадскім Доме культуры адбыліся ўрачыстасці з нагоды Дня маці. Сардэчна павіншаваў усіх мам, бабуль і прабабуль з надыходзячым святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Ён гаварыў пра вялікае шчасце, адпаведную адказнасць і безупынную працу – быць маці. Асобныя словы падзякі прагучалі ў адрас тых жанчын, якія акружылі ўвагай і клопатам прыёмных дзяцей, зямлячкам, якія паспяхова спалучаюць мацярынскія абавязкі з актыўным удзелам у працоўным, грамадскім і палітычным жыцці. Дзяржава падтрымлівае сям’ю, шануе і дапамагае. У Ляхавіцкім раёне з пачатку года за прызначэннем сямейнага капіталу звярнулася 61 сям’я. Ордэнам Маці ўзнагароджаны 25 мнагадзетных зямлячак. А для сям’і Гарыбян, пра якую «ЛВ» расказваў у мінулым нумары, урачыстасці ў пятніцу былі асаблівымі: Кацярыне Гарыбян уручаны ордэн Маці. Гэту ганаровую місію выканаў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Яўгеній Юрлевіч. А потым быў канцэрт з мноствам сюрпрызаў і прыемных нечаканасцяў. Цёплыя віншаванні адрасавалі матулям і бабулям самыя маленькія жыхары раёна – з пяшчотай і дзіцячай непасрэднасцю. Музычныя падарункі прымалі нашы зямлячкі ад калектываў мастацкай самадзейнасці раёна, ад гурткоўцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Танцавальную віншавальную паштоўку падрыхтавалі выхаванцы харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў.Гучнымі апладысментамі суправаджаўся кожны нумар святочнай праграмы, і ад шчымлівай шчырасці на вачах матуль – слёзы… канешне, радасці. Свята разгарнулася і па-за межамі канцэртнай залы. Выстава-продаж творчых работ навучэнцаў ЦДАДіМ, вучэбнай бізнес-кампаніі Жарабковіцкай СШ прыцягнулі ўвагу: было на што паглядзець і што набыць на памяць пра гэта кастрычніцкае свята.

Маргарыта КУХТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *